1 Кіраўніку хору. Паводле «Галубка далёкіх тэрэбінітаў». Давідаў. Міктам. Калі яго філістынцы затрымалі ў Геце. 2 Пашкадуй мяне, Божа, бо растаптаў мяне чалавек, цэлы дзень нападаючы, апанаваў мяне. 3 Тапталі мяне непрыяцелі мае цэлы дзень, бо шмат іх ваюе проці мяне, о Найвышэйшы! 4 У які дзень нападзе на мяне страх, я ў Табе, Усемагутны, маю надзею. 5 У Богу, слова Якога я слаўлю, у Богу паклаў я надзею: не баюся: што можа зрабіць мне чалавек? 6 Цэлы дзень перашкаджалі яны маім справам, усе задумы іх адносна мяне — на ліха. 7 Усчынялі яны лаянку, строілі падкопы, самі сачылі за крокамі маімі. Так, як шукалі яны душу маю, 8 так аддай ім за несправядлівасць, выгубі ў гневе народы, Божа. 9 Ты палічыў вандраванні мае: пакладзі слёзы мае ў бурдзюку Тваім; ці не палічаны яны Табою? 10 Тады павернуцца непрыяцелі мае назад, у які б дзень ні паклікаў я Цябе: вось, спазнаў, што Ты — мой Бог. 11 У Богу, слова Якога буду хваліць, у Госпадзе, слова Якога буду хваліць, 12 у Богу маю я надзею, не буду баяцца: што зробіць мне чалавек? 13 На мне, Божа, абяцанні Твае; аддам я ўхваленні Табе, 14 бо Ты ўратаваў душу маю ад смерці і ногі мае ад падзення, каб хадзіў я перад Богам у святле жывых. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)