ПСАЛТЫР 57 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі ён уцёк ад Саўла ў пячору. 2 Злітуйся нада мною, Божа, злітуйся нада мной, бо ў Цябе шукае абароны душа мая. У засені крылаў Тваіх буду шукаць прытулку, пакуль не міне нядоля. 3 Клічу Бога Найвышэйшага, Бога, Які спагадае мне. 4 Ён сашле з неба і вызваліць мяне, Ён аддасць на ганьбу тых, што тапталі мяне. Сашле Бог міласэрнасць Сваю і праўду Сваю. 5 Душа мая ляжыць сярод ільвятаў, што зжыраюць сыноў чалавечых. Зубы іх — зброя і стрэлы, а язык іх — востры меч. 6 Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, а слава Твая па ўсёй зямлі. 7 Наставілі пасткі на ногі мае, і надламілася душа мая; выкапалі дол перада мною, і самі ўваліліся ў яго. 8 Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё; буду спяваць і граць псальмы. 9 Прачніся, слава мая, прачніцеся, гуслі і кіфара, я абуджу світанне. 10 Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду спяваць Табе псальмы сярод плямёнаў. 11 Бо ўзвысілася да самых нябёсаў міласэрнасць Твая і да самых аблокаў — праўда Твая. 12 Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, па ўсёй зямлі — слава Твая. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)