ПСАЛТЫР 55 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. На струнах. Маскіль. Давідаў. 2 Успрымі вушамі, Божа, малітву маю і не ўхіляйся ад малення майго. 3 Звярні ўвагу на мяне і выслухай мяне! Я стрывожаны ў розуме маім і стурбаваны 4 ад голасу непрыяцеля і ад уціску грэшніка. Бо яны ўзвальваюць на мяне несправядлівасць і ў гневе назалялі мне. 5 Пакутуе ўва мне маё сэрца, і смяротны жах напаў на мяне. 6 Страх і трымценне апанавалі мяне, і ахапіў мяне сполах. 7 І кажу: «О, каб меў я крылы, як галубка, — і паляцеў бы і спачыў бы? 8 Вось, кінуся я наўцёкі і застануся ў пустыні. 9 Буду шукаць я Таго, Хто збавіць мяне ад подыху буры і навальніцы». 10 Расцерушы, Госпадзе, раздзялі мовы іх, бо ўбачыў я раз’ятранасць і гвалт у горадзе. 11 Днём і ноччу ходзяць яны наўкол па мурах яго, несправядлівасць, прыгнёт і злачынства пасярод яго; 12 і не сыходзяць з плошчаў яго круцельства і ашуканства. 13 Бо калі б вораг зневажаў мяне, то, як бы ні было, я вытрываў бы; ці калі б той, што ненавідзіць мяне, паўстаў супраць мяне, я, магчыма, схаваўся б ад яго. 14 Але ты, чалавеча, аднагодак мой, сваяк і прыяцель мой, 15 з якім мелі мы калісьці мілыя зносіны: у доме Божым хадзілі мы ва ўрачыстай працэсіі. 16 Хай сыдзе на іх смерць, хай жывымі сыдуць яны ў пекла, бо злачынства [пануе] у дамах іх, паміж імі. 17 А я паклічу Бога, і Бог збавіць мяне. 18 Вечарам, раніцай і апоўдзень буду я разважаць і ўздыхаць, і Ён пачуе голас мой. 19 Адкупіць Ён у супакоі душу маю ў тых, якія нападаюць на мяне, бо яны сярод многіх — супраць мяне. 20 Пачуе Бог і ўпакорыць іх, бо Ён — спакон вякоў. А яны не мяняюцца і не баяцца Бога. 21 Уздымае ён руку сваю на блізкіх; парушылі яны дамоўленасць сваю. 22 Вусны яго лягчэйшыя за масла, а ў сэрцы іх — вайна, прамовы яго пяшчотнейшыя за алей, але яны — голыя мячы. 23 Ускінь на Госпада клопаты твае, і Ён цябе падтрымае, не дасць Ён ніколі пахіснуцца справядліваму. 24 А Ты, Божа, укінеш іх у студню згубы; людзі крыважэрныя і падступныя не дажывуць да палавіны дзён сваіх, а я вось спадзяюся на Цябе, Госпадзе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)