1 Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. 2 Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня. 3 Дзень перад днём прамаўляе слова, і ноч ночы абвяшчае веды. 4 Няма моў і маўленняў, голас якіх не быў бы чуцён: 5 па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў сусвету. 6 Ён паставіў на іх палатку для сонца, і яно, быццам жаніх, выходзячы з пакоя свайго, цешыцца, як волат перад неабходнасцю прабегчы шлях. 7 Ад ускрайкаў нябёсаў — пачатак шляху яго, і схіл яго — аж да іх ускрайкаў, і няма таго, што ўхілілася б ад цеплыні яго. 8 Закон Госпадаў бязгрэшны, аднаўляе душу, сведчанне Госпада вернае, што надае мудрасць малым. 9 Прысуды Госпада правільныя, пацяшаюць сэрцы, запавет Госпада светлы, прасвятляе вочы. 10 Страх Госпада чысты, трывае на векі вечныя, суды Госпада праўдзівыя і адначасова справядлівыя. 11 Яны больш жаданыя за золата і мноства каштоўных камянёў і саладзейшыя за мёд і струмяністыя соты. 12 Бо слуга Твой удасканальваецца праз іх; у пільнаванні іх — вялікая адплата. 13 Хто ж разумее свае аблуды? Ад патаемнага ачысці мяне 14 і ад пыхі ўпільнуй слугу Твайго, каб не запанавала нада мной. Тады буду я бязгрэшны і ачышчуся ад вялікага злачынства. 15 Няхай жа спадабаюцца словы вуснаў маіх і разважанне сэрца майго перад Табою, Госпадзе, Апякун мой і Збаўца мой! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)