1 О, як счарнела золата, змянілася найчысцейшае золата. Раскінуты святыя камяні па вуглах усіх вуліц. 2 Высакародныя сыны Сіёна і дарагія, як чыстае золата, як жа палічаны яны за гліняныя гаршкі — працу рук ганчара? 3 Але ж нават шакалы падстаўляюць саскі і кормяць сваіх малых; а дачка народа майго жудасная, як страус на пустыні. 4 Прысох язык немаўляці да паднябення яго ў смазе, малыя хлеба прасілі, ды не было, хто б ім адламаў. 5 Тыя, што елі прысмакі, падалі на вуліцах, а тыя, што выхоўваліся ў пурпуры, ляжалі ў гноі. 6 Большай сталася злачыннасць дачкі народа майго, чым грэх Садома, які прапаў у адзін момант, і рукі не дакраналіся да яе. 7 Яе назарэі бялейшыя за снег, бялейшыя за малако, чырванейшыя целам за каралы, выгляд іх — як шафір. 8 Твар іх сцямнеў, як вугаль, і не пазнаць іх на плошчах; прысохла іх скура да касцей, высахла і зрабілася, як дрэва. 9 Шчаснейшыя забітыя мечам, чым памерлыя з голаду, бо гэтыя прападалі зняможаныя ад няплоднасці зямлі. 10 Рукі жанчын міласэрных варылі дзяцей сваіх, былі яны іх ежай у час загубы дачкі народа майго. 11 Споўніў Госпад гнеў Свой, выліў распал гневу Свайго; і распаліў на Сіёне агонь, які паглынуў падмуркі яго. 12 Не верылі валадары зямлі дый усе жыхары свету, што ўварвецца вораг і непрыяцель праз брамы Ерузаліма. 13 З прычыны грахоў яго прарокаў і ліхоты яго святароў, якія пасярод яго кроў справядлівых пралілі. 14 Цягаліся на плошчах, як сляпыя, крывёй спаганеныя так, што не мог ніхто дакрануцца да шатаў іх. 15 «Уцякайце! Ён нячысты! — крычалі перад імі, — Уцякайце прэч! Не дакранайцеся!» Калі ўцяклі яны ды бадзяліся, гаварылі між паганамі: «Не будзе іх больш, каб абжыліся яны». 16 Аблічча Госпада разагнала іх, на іх ужо Ён не паглядзіць: у аблічча святароў яны не ўглядаюцца і не літуюцца над старымі. 17 «Дакуль марнеюць нашы вочы, дарэмна чакаючы дапамогі! З вартавой вежы нашай выглядалі мы народ, які можа нас збавіць. 18 Яны цікавалі за крокамі нашымі, каб мы не хадзілі па плошчах нашых. Наблізіўся канец наш, споўніліся дні нашы; вось, прыходзіць канец наш. 19 Скарэйшымі былі пераследнікі нашы за арлоў паднебных; яны гналіся за намі праз горы, цікавалі на нас у пустыні. 20 Дух вуснаў нашых — Намашчэнец Госпадаў, схоплены ён у іх ямы, а мы аб ім казалі: “У яго засені будзем жыць між народамі”. 21 Цешся і весяліся, дачка Эдома, якая жывеш у зямлі Уц. І да цябе прыйдзе келіх, нап’ешся і аголішся. 22 Дачка Сіёна, ліха тваё споўнілася, на перасяленне не выганіць больш цябе, а карае Ён за ліхасць тваю, дачка Эдома, выяўляе грахі твае». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)