ПЛАЧ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «Прыпомні, Госпадзе, што нас напаткала; глянь і прыгледзься да нашай брыдоты. 2 Спадчына наша прыпала чужынцам, чужаземцам — дамы нашы. 3 Сталіся мы сіротамі без бацькі, а маці нашы — быццам удовы. 4 Ваду сваю за грошы купляем, за сваё дрэва грошы плацім. 5 Падганяюць нас з ярмом на шыі, замучаным не даюць супачынку. 6 Да Егіпта выцягвалі мы рукі і да Асірыі, каб наесціся хлеба. 7 Бацькі нашы награшылі, і няма іх, а мы нясём на сабе іх злачыннасць. 8 Слугі пануюць над намі, і няма нікога, хто б адкупіў з рук іх. 9 З небяспекаю для жыцця нашага здабываем хлеб сабе на віду меча ў пустыні. 10 Наша скура, як печ, разгарэлася ад страшэннага голаду. 11 На Сіёне паганілі жанчын, а дзяўчат — па гарадах Юды. 12 Князі павешаны рукамі іх, і да аблічча старых не мелі пашаны, 13 юнакі жорны насілі, хісталіся хлопчыкі пад бярвеннямі. 14 Старэйшыны пакінулі браму, моладзь жа — свае карагоды песенныя. 15 Знікла з сэрцаў нашых радасць, у жалобу змяніліся нашы скокі. 16 З галавы нашай спаў вянец, гора нам, бо мы награшылі! 17 Таму сумным сталася сэрца наша, таму і зацямніліся вочы нашы, 18 дзеля гары Сіён, бо яна апусцела: лісы шнуруюць па ёй. 19 Але Ты, Госпадзе, трываць будзеш вечна, Твой пасад з пакалення ў пакаленне. 20 Чаму навек хочаш пра нас забыцца, чаму на доўгія дні Ты нас пакідаеш? 21 Навярні нас, Госпадзе, да Цябе, і мы вернемся, аднаві дні нашы, як ад пачатку. 22 Ці ж назаўсёды нас адпіхаеш? Ці так ужо моцна на нас злуешся?» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)