1 Ісус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і быў Духам заведзены ў пустыню 2 на сорак дзён, і быў спакушаны д’яблам. Ды не еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есці. 3 І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты – Сын Божы, дык скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам». 4 І адказвае яму Ісус: «Напісана: “Не хлебам адзіным жыве чалавек, але ўсякім словам Божым”». 5 Затым падняў Яго д’ябал на высокую гару і паказаў Яму ўсе царствы свету ў адзін момант, 6 і гаворыць Яму д’ябал: «Дам табе ўсю ўладу над гэтым сусветам і яго славу, бо мне гэта дадзена, і я, каму хачу, таму даю яе. 7 Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё». 8 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш”». 9 Затым завёў Яго ў Ерузалім, і паставіў Яго на версе святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты – Сын Божы, дык кінься адгэтуль ўніз. 10 Бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, каб сцераглі Цябе”, 11 ды: “На руках будуць насіць Цябе, каб не ўдарыўся аб камень нагою Сваёю”». 12 Адказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». 13 І, скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіўся ад Яго да часу. 14 І ў магутнасці Духа вярнуўся Ісус у Галілею, і чутка пра Яго разышлася па ўсёй краіне. 15 І Ісус навучаў у сінагогах іх, і ўзвялічваўся ўсімі. 16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па Сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць. 17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І, калі разгарнуў кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 18 «Дух Госпада на Мне; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, сляпым – відушчасць, а вязням – вызваленне, 19 вясціць год спагадлівасці Госпада». 20 І пасля таго, як закрыў кнігу, аддаў прыслужніку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты на Яго. 21 Ён пачаў тады казаць ім: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання». 22 Усе давалі Яму сведчанне і дзівіліся словам ласкі, што выходзілі з вуснаў Яго, і казалі: «Ці ж гэта не сын Язэпаў?» 23 А Ён гаворыць ім: «Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: “Лекар, вылечы Самога Сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме”». 24 І гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне. 25 Праўдзіва кажу вам: многа ўдоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі; 26 і да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. 27 Таксама было многа пракажоных у Ізраэлі ў час Элісея прарока, але ніводзін з іх не быў ачышчаны, адно Нааман з Сірыі». 28 Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю, 29 і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб скінуць Яго. 30 Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў. 31 І сышоў у Кафарнаўм, горад галілейскі, і навучаў іх па суботах. 32 І дзівіліся з навукі Яго, бо з уладай былі словы Яго. 33 І быў у сінагозе чалавек, апанаваны духам дэмана нячыстага. І закрычаў ён моцным голасам: 34 «Пакінь, што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, Хто Ты ёсць, Святы Божы». 35 Але Ісус забараніў яму, кажучы: «Замаўчы ды выйдзі з яго». І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму. 36 І ахапіў жах усіх; і разважалі разам між сабою, кажучы: «Што гэта за слова, што мае ўладу і магутнасць загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць?» 37 І так чутка аб Ім разыходзілася ў кожнае месца краіны. 38 Выйшаўшы з сінагогі, пайшоў Ён у дом Сімона. А цешча Сімона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе. 39 І, стаўшы пры ёй, забараніў Ён гарачцы, і яна пакінула яе; і яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім. 40 А калі зайшло сонца, усе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы рукі на кожнага, аздараўляў іх. 41 З многіх выходзілі таксама дэманы, якія крычалі і казалі: «Ты – Хрыстос, Сын Божы». І, забараняючы ім, не дазваляў гаварыць, што яны ведаюць, што Ён – Хрыстос. 42 А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, аддаліўся на пустыннае месца; і народ шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх. 43 Але Ён гаворыць ім: «Трэба, каб Я і іншым гарадам абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы». 44 І далей навучаў у сінагогах Галілеі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)