Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сталася, калі натоўп ціснуўся да Яго слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генезарэт,

2 убачыў дзве лодкі, што стаялі пры беразе возера; рыбакі з іх выйшлі і паласкалі сеткі.

3 Дык, увайшоўшы ў адну лодку, што была Сімонава, папрасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы, навучаў людзей з лодкі.

4 А як скончыў прамаўляць, сказаў Сімону: «Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашы на лоўлю».

5 А Сімон, адказваючы Яму, сказаў: «Настаўнік, мы, усю ноч працуючы, нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку».

6 А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што іх сетка рвалася.

7 Дык далі знак таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб яны прыйшлі і дапамаглі ім. Дык прыйшлі і запоўнілі абедзве лодкі так, што ледзь не танулі.

8 Калі ўбачыў гэта Сімон Пётра, паў да кален Ісуса, кажучы: «Адыдзі ад мяне, бо я – чалавек грэшны, Госпадзе».

9 Бо ад такога налову рыбы, што яны злавілі, яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах.

10 Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зебядзеевых, таварышаў Сімона. І гаворыць Ісус Сімону: «Не бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш».

11 І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё, і пайшлі за Ім.

12 І здарылася, калі Ісус быў у адным горадзе, і вось, прыйшоў адзін чалавек цалкам пракажоны; ён, убачыўшы Ісуса, упаў на твар і прасіў Яго, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

13 І Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз жа праказа сышла з яго.

14 І загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: «Ідзі, пакажыся святару і ахвяруй за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей на сведчанне ім».

15 Але разыходзіліся весткі аб Ім тым больш, і збіраліся вялікія натоўпы людзей, каб паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ў Яго ад сваіх немачаў.

16 Але Ён аддаляўся ў пустыні і маліўся.

17 І сталася: аднаго дня Ён навучаў; і сядзелі фарысеі і заканазнаўцы, што прыйшлі з усіх пасяленняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І магутнасць Госпадава была ў Яго на аздараўленне.

18 І вось, мужчыны прынеслі чалавека, які быў спаралізаваны, на ложку і стараліся ўнесці яго і пакласці перад Ісусам.

19 І, не знайшоўшы, з якога боку паднесці яго з-за натоўпу, узышлі на дах і праз сталяванне спусцілі яго на ложку на сярэдзіну перад Ісусам.

20 І Ён, бачачы іх веру, сказаў яму: «Чалавеча, даруюцца табе грахі твае».

21 І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: «Хто Ён, што блюзніць? Хто можа грахі дараваць, апрача аднаго Бога?»

22 А Ісус пранік іх разважанні і сказаў, адказваючы ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых?

23 Што лягчэй сказаць: “Даруюцца табе грахі твае”, або: “Устань і хадзі?”

24 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, – гаворыць спаралізаванаму: “Кажу табе, падыміся, вазьмі ложак свой ды ідзі да дому свайго”».

25 І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога.

26 Дык усіх ахапіў жах, і славілі Бога, і былі поўныя страху, кажучы: «Бачылі мы сёння дзівосы».

27 І пасля гэтага выйшаў Ён, і ўбачыў мытніка на імя Леві, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі за Мною!»

28 І ён, пакінуўшы ўсё, падняўшыся, пайшоў за Ім.

29 Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, і было вялікае мноства мытнікаў і іншых, якія ўзлягалі з імі.

30 Дык наракалі фарысеі і кніжнікі на вучняў Яго, кажучы: «Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п’яце?»

31 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але немачныя.

32 Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да навяртання».

33 Але яны сказалі Яму: «Янавы вучні часта посцяць і моляцца, падобна і фарысейскія, а Твае ядуць і п’юць».

34 І Ісус гаворыць ім: «Ці ж можаце змушаць посціць вясельнікаў, пакуль жаніх з імі?

35 Прыйдуць, аднак, дні, калі забраны будзе ад іх жаніх, тады посціць яны будуць у тыя дні».

36 Казаў ім яшчэ прыпавесць: «Ніхто латы з адзення новага не прышывае да старога адзення, бо і новае раздзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога.

37 Ніхто таксама новага віна не лье ў старыя мяхі, бо новае віно разрывае мяхі, і само разальецца, і мяхі прападуць.

38 Але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое зберагаецца.

39 Ды ніхто, п’ючы старое, не хоча адразу новага, бо кажа: “Старое лепшае”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы