1 Вось што кажа Госпад аб намашчэнцы сваім Кіры: «Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб падначаліць народы перад абліччам яго, і каб павярнуць спіны цароў, ды каб адчыніць перад ім дзверы; і брама не замкнецца. 2 Я пайду перад табою і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю. 3 І перадам табе схаваныя скарбы і багацці скрытыя, каб ведаў ты, што Я — Госпад, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраэля, 4 дзеля паслугача Майго Якуба і Ізраэля, выбранніка Майго, Я назваў цябе тваім імем, вызначыў цябе, а ты Мяне не пазнаў. 5 Я — Госпад, і няма іншага. Па-за Мною няма бога. Апаясаў Я цябе, а ты не пазнаў Мяне, 6 каб ведалі ад усходу сонца і ад захаду, што без Мяне няма нічога. Я — Госпад, і няма іншага. 7 Я твару святло і твару цемру, спраўляю супакой і ствараю ліхоту: Я, Госпад, чыню ўсё гэта. 8 Зросьце, нябёсы, зверху, і хмары хай здажджаць справядлівасць, хай раскрыецца зямля і вырасціць збаўленне; і хай разам з’явіцца справядлівасць. Я, Госпад, стварыў яе. 9 Гора таму, хто працівіцца свайму Творцу, чарапок сярод гліняных гаршкоў зямлі! Ці ж скажа гліна ганчару свайму: “Што робіш?” або: “Твая работа бязрукая”? 10 Гора таму, хто кажа бацьку: “Навошта родзіш?”, або маці: “Навошта нарадзіла?” 11 Гэта кажа Госпад, Святы Ізраэлеў, і Скульптар яго: “Ці ж пытаеце вы Мяне пра будучыню для сыноў Маіх і ці загадваеце Мне адносна працы рук Маіх? 12 Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я; рукі Мае дакрануліся да нябёсаў, і даю загады ўсяму іх войску. 13 Я выгадаваў яго ў справядлівасці і кірую ўсімі яго дарогамі; ён адбудуе горад Мой і адашле Маіх палонных без выкупу і аднагараджэння”, — кажа Госпад Магуццяў. 14 Гэта кажа Госпад: “Праца Егіпта і гандаль Этыёпіі, і сабэйцы, людзі рослыя, пяройдуць да цябе і тваімі будуць; за табой будуць хадзіць, прыйдуць у путах і паклоняцца табе, і будуць прасіць цябе малітоўна: “Толькі ў табе — Бог”, і “Апроч Цябе няма бога”». 15 Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраэлеў, Збаўца! 16 Майстры ідалаў засаромеліся і пачырванелі ўсе, адышлі яны ўсе разам на ганьбу. 17 Ізраэль збаўлены збаўленнем вечным у Госпадзе; не будзеце засаромлены ды не пачырванееце аж на векі вечныя. 18 Бо гэта кажа Госпад, Які стварыў нябёсы, Сам Бог, Які ўфармаваў зямлю і стварыў яе, і ўгрунтаваў яе. Стварыў яе, каб не была пустой, але ўфармаваў яе для пражывання: «Я — Госпад, і няма іншага. 19 Не прамаўляў Я патаемна, у цёмным закутку зямлі, не казаў я патомству Якуба: “Дарэмна шукаеце Мяне”. Я — Госпад, прамаўляю справядлівасць, абвяшчаю тое, што правільна. 20 Збярыцеся і прыходзьце і прыступайце разам, якія ўратаваліся з народаў. Не ведаюць [праўды] тыя, якія носяць дрэва разьбы сваёй і просяць бога, які не можа збавіць. 21 Абвясціце і прыходзьце, і параімся разам. Хто даў пачуць пра гэта ад пачатку і гэта прадказаў даўно? Ці ж не Я — Госпад, і няма другога Бога, апроч Мяне? Бога справядлівага, Які збаўляе, апрача Мяне, няма. 22 Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўлены, усе канцы зямлі, бо я — Бог, а іншага няма. 23 Прысягнуў Я Самім Сабою: з вуснаў Маіх выйшла справядлівасць, слова, якое не вернецца; бо перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога». 24 «Толькі ў Госпадзе, — скажуць, — справядлівасць і сіла!» Да Яго прыйдуць, і будуць засаромлены ўсе, якія працівяцца Яму. 25 У Госпадзе апраўдаецца і ўславіцца кожны нашчадак Ізраэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)