ІСАІ 44 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось жа цяпер, слухай, Якубе, паслугач Мой, і ты, Ізраэлю, якога Я выбраў». 2 Гэта кажа Госпад, Які стварыў цябе і ўфармаваў цябе ад улоння, Успаможца твой: «Не бойся, паслугач Мой Якубе, і ўмілаваны, якога Я выбраў. 3 Бо разалью воды на зямлю сасмаглую ды рэкі на сухую, вылью ад Духа Майго на патомства тваё і дабраславенне Маё на нашчадкаў тваіх. 4 І будуць расці паміж травы, як таполі паблізу цякучых водаў. 5 Той скажа: “Я — Госпадаў”, а другі назавецца імем Якуба. А гэты напіша сваёю рукой: “Госпадаў”; і запішацца імем Ізраэль. 6 Гэта кажа Госпад, Валадар Ізраэля і Збаўца яго, Госпад Магуццяў: “Я — першы і Я — апошні, і, апроч Мяне, няма Бога. 7 Хто падобны да Мяне? Хай пакліча і абвесціць, ды хай прадставіць Мне, з чаго ўсталяваў Я старадаўні народ; будучыню і тое, што мае быць, хай абвесціць нам. 8 Не бойся, не трывожся. Ці ж не даў Я табе пачуць з тых часоў і ці не абвясціў? Вы — сведкі мае. Ці ж ёсць Бог, апроч Мяне, або якая скала, якой Я не ведаў бы?”» 9 Усе разьбяры балванаў — нішто, і каштоўнасці іх не прыдадуцца ім. Спахвальнікі іх самі не бачаць, і не разумеюць, каб пачулі стыд. 10 Хто ж зрабіў бога і выліў статую, што не прыносіць ніякай карысці? 11 Вось, усе ўдзельнікі гэтага засаромеюцца; бо творцы іх самі з’яўляюцца людзьмі. Хай сыдуцца ўсе і стаяць. Разам усе спалохаюцца і засаромеюцца. 12 Рамеснік па жалезе вырабляе на вуглях сякеру ды молатам надае ёй форму, і апрацоўвае яе сілай рукі сваёй; адчувае смагу, знясільваецца, не п’е вады і стамляецца. 13 Разьбяр робіць памеры, расчэрчвае яго палачкай, выдзёўбвае долатам і крэсліць цыркулем па ім на падабенства мужа, прыгожага чалавека, і ён застанецца ў доме. 14 Насякае ён сабе кедраў і бярэ дрэва кіпарысавае і дубовае, якое стаяла паміж дрэў лесу; пасадзіў ён ясень, які дождж корміць. 15 Усё гэта пайшло чалавеку на паліва; бярэ яго, каб сагрэцца, і запальвае, і пячэ хлеб. А з таго, што засталося, ён робіць бога, перад якім падае на твар; робіць статую і схіляецца перад ёю. 16 Адну палавіну яго спальвае на агні, на другой пячэ мяса; з’ядае смажанае мяса і наядаецца, саграваецца і кажа: «Ага! Але і нагрэўся і бачыў вогнішча». 17 З рэшты яго робіць бога, статую сабе, кідаецца на твар перад ёй і кланяецца ёй, і моліцца, кажучы: «Вызвалі мяне, бо ты — бог мой!» 18 Не ведаюць яны і не разумеюць, бо заплюшчыў Ён вочы іх, каб не бачылі і не разумелі ў сэрцы сваім. 19 Не разважаюць яны ў сваім сэрцы, не хапае ім навукі і разумення, каб сказаць: «Палавіну яго спаліў агнём ды спёк на распаленых вуглях яго хлеб, спёк мяса і з’еў, а з рэшты яго зраблю агіду! Ці ўпасці мне ніцма перад кавалкам дрэва?» 20 Такі вось жывіцца попелам; неразумнае сэрца звяло яго, ды не вызваліць ён душы сваёй і не скажа: «Ці ж не падман у правіцы маёй?» 21 «Помні, Якубе, пра гэтыя рэчы, і ты, Ізраэлю, бо ты слуга Мой; Я ўфармаваў цябе, ты слуга Мой, Ізраэлю, не забывай Мяне! 22 Зняў, як хмару, няправасці твае і грахі твае, быццам воблака; вярніся да Мяне, бо Я адкупіў Цябе!» 23 Гаманіце, нябёсы, бо гэта ўчыніў Госпад; усклікайце, падмуркі зямлі! Рэхам хвалы разлягайцеся, горы, лес і кожнае дрэва яго, бо Госпад адкупіў Якуба ды праславіцца ў Ізраэлі. 24 Гэта кажа Госпад, Адкупіцель твой і Творца твой ад улоння: «Я — Госпад, Які стварыў усё, распасцёр нябёсы адзін, расцягнуў зямлю; а хто са Мною? 25 Я той, што неістотнымі раблю знакі варажбітоў і выяўляю неразумнасць прадказальнікаў, назад адкідаю мудрых і мудрасць іх раблю марнай. 26 Выклікаю слова слугі Свайго і дапаўняю раду пасланцаў Сваіх. Я той, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш абжыты!” — і гарадам Юды: “Будзеце адбудаваныя!” — і пустэчу яго аднаўлю! 27 Я Той, Які кажу бездані: “Высахні, і рэкі твае высушу!” 28 Я — Які кажу аб Кіры: “Ён — пастыр Мой і споўніць усю волю Маю”, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш адбудаваны!”, а святыні: “Будзеш заснаваная”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)