Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 9 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЁВА 9

Ёў 9

1 І адказваў Ёў і сказаў:

2 праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?

3 Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.

4 Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?

5 Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;

6 зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:

7 скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.

8 Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;

9 стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;

10 робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!

11 Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.

12 Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?

13 Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.

14 Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?

15 Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.

16 Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,

17 Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,

18 не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.

19 Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?

20 Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.

21 Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.

22 Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.

23 Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.

24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?

25 Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра,

26 імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.

27 Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,

28 дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.

29 Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?

30 Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,

31 дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.

32 Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!

33 Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.

34 Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, -

35 і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.