Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 10 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 10

1 Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.

2 Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?

3 Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?

4 Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?

5 Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,

6 што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,

7 хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?

8 Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне?

9 Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?

10 Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,

11 скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,

12 жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?

13 Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, -

14 што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.

15 Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:

16 яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.

17 Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.

18 І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;

19 хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!

20 Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,

21 перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага,

22 у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.

Сачыце за намі:



Аб'явы