Пс 181 Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў [гэта]. 2 Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца! 3 Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой! 4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду. 5 Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне; 6 путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне. 7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных. 8 І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён. 9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго. 10 Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі. 11 Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру. 12 Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў. 13 Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае. 14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае. 15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх. 16 І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго. 17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх, 18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне. 19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне. 20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае. 21 ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў, 22 бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго; 23 бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся. 24 Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня. 25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі. 26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны, 27 для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны, 28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш. 29 Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю. 30 Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры. 31 Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею. 32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага? 33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму; 34 Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне, 35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны. 36 І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне. 37 Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае. 38 Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх. 39 Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае. 40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне. 41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў. 42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны [клікалі] да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім. 43 Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх. 44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне. 45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне. 46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх. 47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго, 48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною, 49 выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне. 50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць. 51 Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі. |