ПСАЛТЫР 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 17 1 Малітва Давіда. Пачуй, ГОСПАДЗЕ, праведнасьць [маю], зваж на галашэньне маё, прыхілі вуха да малітвы маёй з вуснаў нефальшывых! 2 Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва. 3 Ты выспрабаваў сэрца маё, уначы адведаў і ачысьціў мяне, і не знайшоў нічога; думкі ліхія ня выйшлі з вуснаў маіх. 4 У справах чалавечых паводле слова вуснаў Тваіх я высьцерагаўся сьцежкаў гвалту, 5 крокі мае трымаліся каляінаў Тваіх, стопы мае не хісталіся. 6 Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, адкажаш мне. Прыхілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае! 7 Зьяві міласэрнасьць Тваю, Збаўца тых, якія да правіцы Тваёй уцякаюць ад тых, што паўсталі [на іх]. 8 Захавай мяне, як зрэнку вока, у ценю крылаў Тваіх схавай Ты мяне 9 ад бязбожнікаў, якія руйнуюць мяне, ад ворагаў душы маёй, якія атачылі мяне. 10 Тлушчам сваім яны закрылі сябе, вуснамі сваімі яны пыхліва гавораць. 11 На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; вочы свае скіравалі, каб нас кінуць на зямлю. 12 Яны падобныя да ільва, які прагне здабычы, і да львяняці, якое ў засадзе ляжыць. 13 Паўстань, ГОСПАДЗЕ! Выйдзі супраць аблічча ягонага, павалі Ты яго! Мячом Тваім выратуй душу маю ад бязбожніка, 14 ад сьмяротных [людзей] — рукой Тваёй, ГОСПАДЗЕ, ад сьмяротных [людзей] веку гэтага. Частка іхняя — у гэтым жыцьці, і чэрава іхняе Ты са скарбніцы Тваёй напаўняеш, яны насычаюць сыноў сваіх, і лішак свой пакідаюць дзецям сваім. 15 А я ў праведнасьці ўбачу аблічча Тваё, абудзіўшыся, насычуся вобразам Тваім. |