ПСАЛТЫР 19 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 19 1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 2 Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных. 3 Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне. 4 Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іхні. 5 Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца, 6 і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю. 7 Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю ягонага, і нішто не схаваецца ад гарачыні ягонай. 8 Закон ГОСПАДА беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага. 9 Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДА яснае, яно прасьвятляе вочы. 10 Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДА праўдзівыя, а таксама справядлівыя. 11 Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы. 12 І слуга Твой праз іх будзе навучаны. Хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую. 13 Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] вызвалі мяне! 14 І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую. 15 Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой! |