Лікі 21 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы: 2 «Няхай сыны Ізраіля разложаць табар, кожны пад сьцягам сваім, пад знакамі паводле дамоў бацькоў сваіх. Вакол Намёту Спатканьня на адлегласьці разложаць яны табар. 3 Разложыць табар з усходу, дзе ўзыходзіць сонца, сьцяг табару Юды з дружынамі сваімі, а князем сыноў Юды [будзе] Нахшон, сын Амінадава. 4 Лік войска ягонага, паводле падліку, — семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот. 5 Побач іх разложыцца табар пакаленьня Ісахара, а князем сыноў Ісахара [будзе] Натанаэль, сын Цуара. 6 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста. 7 [Потым] пакаленьне Завулёна, а князем сыноў Завулёна [будзе] Эліяў, сын Хэлёна. 8 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста. 9 Усіх, палічаных у табары Юды паводле дружынаў іхніх, — сто восемдзясят шэсьць тысячаў чатырыста. Яны першыя будуць выходзіць. 10 З поўдня будзе сьцяг табару Рубэна з дружынамі сваімі, а князем сыноў Рубэна [будзе] Эліцур, сын Шэдэура. 11 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак шэсьць тысячаў пяцьсот. 12 Побач іх разложыцца табар пакаленьня Сымона, а князем сыноў Сымона [будзе] Шэлюміэль, сын Цурышадая. 13 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста. 14 [Пасьля] пакаленьне Гада, а князем сыноў Гада [будзе] Эліясаф, сын Дэўэля. 15 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят. 16 Усіх, палічаных у табары Рубэна паводле дружынаў сваіх, — сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят. Яны другімі будуць выходзіць. 17 Пасля вырушыць Намёт Спатканьня і табар лявітаў у сярэдзіне другіх табараў. Паводле таго, як раскладаліся табарам, так і выходзіць будуць, кожны на месцы сваім, пад сьцягам сваім. 18 З захаду будзе сьцяг табару Эфраіма з дружынамі сваімі, а князем сыноў Эфраіма [будзе]Элішама, сын Амігуда. 19 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак тысячаў пяцьсот. 20 Побач іх пакаленьне Манасы; а князем сыноў Манасы [будзе] Гамаліэль, сын Пэдагсура. 21 Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце. 22 [Потым] пакаленьне Бэн’яміна; а князем сыноў Бэн’яміна [будзе] Абідан, сын Гідэоні. 23 Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць пяць тысячаў чатырыста. 24 Усіх, палічаных у табары Эфраіма паводле дружынаў іхніх, — сто восем тысячаў сто. Яны трэція будуць выходзіць. 25 З поўначы будзе сьцяг табару Дана з дружынамі сваімі, а князем сыноў Дана [будзе]Ахіезэр, сын Амішадая. 26 Лік войска ягонага, паводле падліку, — шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот. 27 Побач іх разложыцца табарам пакаленьне Асэра, а князем сыноў Асэра [будзе] Пагіэль, сын Акрана. 28 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак адна тысяча пяцьсот. 29 [Потым] пакаленьне Нэфталі, а князем сыноў Нэфталі [будзе] Ахіра, сын Энана. 30 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят тры тысячы чатырыста. 31 Усіх, палічаных у табары Дана, — сто пяцьдзясят сем тысячаў шэсьцьсот. Яны як апошнія будуць выходзіць пад сьцягамі сваімі. 32 Гэта палічаныя сыны Ізраіля паводле дамоў бацькоў сваіх. Усіх, палічаных у табары паводле дружынаў сваіх, — шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят. 33 Лявіты не былі палічаныя сярод сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею. 34 Сыны Ізраіля зрабілі ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею: раскладаліся табарам пад сьцягамі сваімі і выходзілі паводле сем'яў сваіх і дамоў бацькоў сваіх. |