ЛІКІ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 1 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы: 2 «Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах. 3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон. 4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх. 5 Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура, 6 для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая, 7 для Юды — Нахшон, сын Амінадава, 8 для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара, 9 для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна, 10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура; 11 для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні, 12 для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая, 13 для Асэра — Пагіэль, сын Акрана, 14 для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля, 15 для Нэфталі — Ахіра, сын Энана». 16 Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля. 17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя. 18 У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй. 19 Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай. 20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 21 тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, [было] сорак шэсьць тысячаў пяцьсот. 22 Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 23 тых, якіх палічылі з пакаленьня Сымона, [было] пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста. 24 Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 25 тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, [было] сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят. 26 Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 27 тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот. 28 Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 29 тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста. 30 Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 31 тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста. 32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 33 тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот. 34 Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 35 тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце. 36 Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 37 тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста. 38 Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 39 тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот. 40 Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 41 тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот. 42 Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 43 тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста. 44 Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх. 45 І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі, 46 шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят. 47 Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх, 48 бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы: 49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля, 50 але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе [належыць]. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар [свой]. 51 Калі трэба рушыць Сялібе [ў дарогу], разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта [чужы] наблізіцца да яе, будзе забіты. 52 Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх. 53 А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня». 54 І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі. |