Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лікі 3

1 Вось такі радавод Аарона і Майсея ў дні, калі прамаўляў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай.

2 Вось гэта імёны сыноў Аарона: першародны Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.

3 Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, якім напоўнілі рукі іхнія, каб былі сьвятарамі.

4 Але Надаў і Абігу памерлі перад абліччам ГОСПАДА ў пустыні Сынай, калі наблізіліся з чужым агнём перад аблічча ГОСПАДА, і не было ў іх сыноў. І былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар перад абліччам Аарона, бацькі свайго.

5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

6 «Прывядзі пакаленьне Ле­вія, і пастаў яго перад абліччам Аарона сьвятара, і няхай яны паслугуюць яму.

7 Няхай захоўваюць усё, што пад вартай яго і пад вартай ўсёй грамады адносна Намёту Спатканьня, каб выконваць службу пры Сялібе,

8 і няхай захоўваюць усе прыналежнасьці Намёту Спатканьня, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраіля, каб выконваць службу пры Сялібе.

9 Аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным, няхай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраіля.

10 А Аарона і сыноў ягоных пастаў, каб яны захоўвалі [службу] сьвятарскую. А калі нехта чужы наблізіцца [да службы], мае памерці».

11 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

12 «Вось, Я ўзяў лявітаў спасярод сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адчыня­юць улоньне, і лявіты будуць Маімі.

13 Бо Мой кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай Я выбіў усё першароднае, Я пасьвяціў для Сябе ўсё першароднае ў Ізраілі, ад чалавека аж да жывёлы. Яны Мае! Я — ГОСПАД!»

14 І прамовіў ГОСПАД да Май­сея ў пустыні Сынай, кажучы:

15 «Палічы сыноў Левія паводле дамоў бацькоў іхніх, і паводле сем’яў іхніх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».

16 І палічыў іх Майсей паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як Ён загадаў яму.

17 І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

18 А вось імёны сыноў Гершона паводле сем’яў іхніх: Лібні і Шымэй.

19 Сыны Кегата паводле сем’яў іхніх: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль.

20 Сыны Мэрары паводле сем’яў іхніх: Махлі і Мушы. Вось гэта сем'і Левія паводле дамоў бацькоў іхніх.

21 Ад Гершона [паходзяць] сям’я Лібні і сям’я Шымэя. Гэта сем’і Гершона

22 Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот.

23 Сем’і Гершона разложацца табарам за Сялібай з захаду.

24 Князем дому бацькоў Гершона [быў] Эліясаф, сын Ляэля.

25 Сынам Гершона ў Намёце Спатканьня даручана Сяліба, Намёт і пакрыцьцё ягонае, заслона пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня,

26 заслоны панадворку, заслона пры выхадзе на панадворак, які пры Сялібе і ахвярніку, і вяроўкі, патрэбныя для ўсялякай службы.

27 Ад Кегата [паходзяць] сем’і Амрама, Іцгара, Хеўрона і Узіэля. Гэта сем’і Кегата.

28 Лік усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот. Яны ма­юць вартаваць Сялібу.

29 Сем’і сыноў Кегата разложацца табарам з паўднёвага боку Сялібы.

30 Князем дому бацькоў Кегата [быў] Эліцафан, сын Узіэля.

31 Яны мелі рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, пра прылады сьвятыні, прызначаныя для служэньня, пра заслону і абслугу яе.

32 А князем князёў лявітаў [быў] Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі служэньне ў сьвятыні.

33 Ад Мэрары [паходзяць] сем’і Махлі і Мушы. Гэта сем’і Мэрары.

34 Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце.

35 А князем дамоў бацькоў Мэрары [быў] Цурыэль, сын Абігаіля. Яны разложацца табарам з паўночнага боку Сялібы.

36 Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Сялібы, жэрдкі іхнія, слупкі, падставы і ўсе [рэчы] для абслугі яе,

37 і слупкі панадворку з усіх бакоў, і падставы іхнія, і колцы іхнія з вяроўкамі іхнімі.

38 А з пярэдняга боку Сялібы, з усходу, перад Намётам Спатканьня разложацца табарам Майсей, і Аарон, і сыны ягоныя, якім даручана Сяліба ад імя сыноў Ізраіля. Калі хто наблізіцца чужы, будзе забіты.

39 Поўны лік лявітаў, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы.

40 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў сыноў Ізраіля ад аднаго месяца і вышэй, і палічы іх паіменна,

41 і вазьмі лявітаў для Мяне як замену ўсіх першародных сярод сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД. І вазьмі жывёлу лявітаў замест усёй першароднай жывёлы сыноў Ізраіля».

42 І палічыў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, усіх першародных сыноў Ізраіля.

43 І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, паводле падліку — дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят тры.

44 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

45 «Вазьмі лявітаў замест усіх першародных сыноў Ізраіля і жывёлу лявітаў замест жывёлы іхняй. І лявіты будуць Маімі. Я — ГОСПАД.

46 Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзясят трох з першародных сыноў Ізраіля, што перавышаюць лік лявітаў,

47 вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, паводле сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

48 І дасі срэбра Аарону і сынам ягоным як выкуп за тых, што перавышаюць лік».

49 І ўзяў Майсей срэбра выкупу за тых, што перавышалі лік выкупленых лявітамі.

50 Ад першародных сыноў Ізраіля атрымаў [Майсей] срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць [сыкляў] паводле сыкля сьвятыні.

51 І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Сачыце за намі:



Аб'явы