Бц 191 І прыйшлі два анёлы ў Садом увечары, а Лот сядзеў у браме Садома. І ён убачыў, і пайшоў насустрач ім, і пакланіўся абліччам да зямлі, 2 і сказаў: «Вось, прашу, гаспадары мае, зьвярніце ў дом слугі вашага і пераначуйце, і памыйце ногі свае, а раніцаю ўстанеце і пойдзеце ў дарогу сваю». А яны сказалі: «Не, бо мы будзем начаваць на вуліцы». 3 Але ён іх вельмі ўпрошваў, і яны зьвярнулі да яго, і ўвайшлі ў дом ягоны. І ён справіў ім гасьціну, і напёк праснакоў, і яны елі. 4 Яшчэ не ляглі яны спаць, як людзі з гораду, людзі Садомскія, ад малога да старога, увесь народ з усіх канцоў, атачылі дом. 5 І паклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, якія прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх». 6 І выйшаў да іх Лот да ўваходу, і замкнуў за сабою дзьверы, 7 і сказаў: «Прашу, браты мае, не рабіце ліхога. 8 Вось, маю дзьве дачкі, якія не спазналі мужа. Выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых! Толькі людзям гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго». 9 Але яны сказалі: «Ідзі прэч». І сказалі: «Сам прыйшоў пажыць, і будзе судзіць, судзячы [нас]? Цяпер будзе табе горш, чым ім». І накінуліся на чалавека гэтага, на Лота, і падыйшлі, каб выламіць дзьверы. 10 І выцягнулі мужы тыя рукі свае, і ўцягнулі Лота да сябе ў дом, і замкнулі дзьверы. 11 А людзей, якія былі пры ўваходзе ў дом, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою, і яны змучыліся, шукаючы выхаду. 12 І сказалі тыя мужы Лоту: «Ці хто яшчэ ёсьць тут у цябе? Зяця, сыноў тваіх і дачок тваіх, усіх, хто ў цябе ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца, 13 бо мы зьнішчым гэтую мясцовасьць, таму што вялікі крык іхні перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў нас зьнішчыць яе». 14 І выйшаў Лот, і гаварыў да зяцёў сваіх, якія мелі ўзяць дочак ягоных, і сказаў: «Уставайце, выходзьце з гэтага месца, бо ГОСПАД мае зьнішчыць горад». І было ў вачах зяцёў ягоных гэта, нібыта ён жартуе. 15 Калі ўзыйшла зараніца, анёлы прысьпешвалі Лота, кажучы: «Уставай, бяры жонку тваю і дзьве дочкі твае, якія тут, каб не загінуў ты праз беззаконьні гораду гэтага». 16 А як ён марудзіў, схапілі тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку абедзьвух дачок ягоных, бо ГОСПАД меў спагаду да яго, і вывелі яго, і паставілі па-за горадам. 17 І сталася, калі вывелі іх вонкі, сказаў [адзін з іх]: «Уцякай дзеля душы тваёй, і не аглядайся назад, і не затрымлівайся ў гэтай ваколіцы. Уцякай на гору, каб ты не загінуў!» 18 І сказаў Лот да іх: «О не, Госпадзе! 19 Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў вачах Тваіх, і Ты павялічыў міласэрнасьць Тваю, якую зьявіў для мяне, захоўваючы пры жыцьці душу маю. Але я не магу ўцячы на гору, каб не напаткала мяне ліхое, і я не памёр. 20 Вось жа горад гэты блізка, каб бегчы туды, і ён малы. Дазволь уцячы мне туды, — ці ж не малы ён, — і будзе жыць душа мая». 21 І сказаў яму: «Вось, Я прыняў аблічча тваё і ў гэтым слове, і ня зьнішчу горад, пра які ты гаварыў. 22 Сьпяшайся, уцякай туды, бо Я не магу нічога рабіць, пакуль ты ня прыйдзеш туды». Таму і названае імя гэтаму гораду Цаар. 23 Сонца ўзыйшло над зямлёю, і Лот увайшоў у Цаар. 24 І ГОСПАД лінуў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад ГОСПАДА з неба, 25 і зруйнаваў гарады гэтыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі. 26 І аглянулася жонка [Лота], ідучы за ім, і сталася слупом солі. 27 І ўстаў Абрагам раніцаю на тое месца, дзе стаяў перад абліччам ГОСПАДА, 28 і глянуў на аблічча Садома і Гаморы, і на аблічча ўсёй зямлі той ваколіцы, і ўбачыў, і вось, дым падымаецца з зямлі, быццам з печы. 29 І сталася, калі Бог зьнішчыў гарады гэтай ваколіцы, узгадаў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спаміж руйнаваньня, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лот. 30 І падняўся Лот з Цаару, і жыў на гары, і дзьве дачкі ягоныя з ім, бо баяўся жыць у Цаары. І жыў ён у пячоры, сам і дзьве дачкі ягоныя. 31 І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, і няма мужчыны на зямлі, каб мог прыйсьці да нас паводле звычаю ўсёй зямлі. 32 Хадзем, напоім бацьку нашага віном і ляжам з ім, каб ажывіць насеньне бацькі нашага». 33 І напаілі яны ў тую ноч бацьку свайго віном; і ўвайшла старэйшая, і ляжала з бацькам, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала. 34 І сталася на другі дзень, сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ў мінулую ноч ляжала з бацькам нашым. Напоім яго віном таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і ляжаш з ім, і мы ажывім насеньне бацькі нашага». 35 І напаілі яны таксама ў гэтую ноч бацьку свайго віном, і ўвайшла малодшая дачка, і ляжала з ім, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала. 36 І зачалі абедзьве дачкі Лота ад бацькі свайго. 37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя ягонае Мааў. Ён — бацька Мааву аж да сёньня. 38 І малодшая таксама нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Бэн-Аммі. Ён — бацька сыноў Амона аж да сёньня. |