БЫЦЦЁ 18 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 18 1 І зьявіўся яму ГОСПАД каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт у сьпякоту дня. 2 І падняў ён вочы свае, і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. І ён убачыў, і выбег ад уваходу ў намёт насустрач ім, і пакланіўся да зямлі, 3 і сказаў: «Госпадзе, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, прашу, не мінай слугі Свайго. 4 Возьмуць трохі вады, і абмыюць ногі Вашыя, і прыхінецеся пад дрэвам. 5 А я вазьму кавалак хлеба, і пасіліце сэрцы Вашыя, потым пойдзеце, бо дзеля гэтага вы прайшлі каля слугі Вашага». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў». 6 І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сары, і сказаў: «Пасьпяшайся, замяшай тры меркі найлепшай мукі і зрабі аладак». 7 І пабег Абрагам да быдла, і ўзяў тлустае і добрае цяля, і даў юнаку, і той хутка прыгатаваў яго. 8 І ўзяў масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паклаў перад абліччам Іх, і сам стаў каля Іх пад дрэвам, і яны елі. 9 І сказалі яму: «А дзе Сара, жонка твая?» Ён сказаў: «Вось, у намёце». 10 А Той сказаў: «Вяртаючыся, вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і вось, будзе сын у Сары, жонкі тваёй». А Сара слухала каля ўваходу ў намёт, які быў за ім. 11 Абрагам жа і Сара былі старыя, увайшлі ў гады, і спынілася ў Сары звычайнае жаночае. 12 І засьмяялася Сара ў сабе, кажучы: «Пасьля таго, як я састарэла, ці ж буду мець асалоду? І гаспадар мой стары». 13 І сказаў ГОСПАД Абрагаму: «Чаму сьмяялася Сара, кажучы: “Няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я старая?” 14 Ці ж ёсьць справа, цяжкая для ГОСПАДА? У прызначаны час вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і Сара будзе мець сына». 15 І запярэчыла Сара, кажучы: «Я не сьмяялася», бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьмяялася!» 16 І падняліся адтуль тыя мужы, і скіравалі аблічча Сваё да Садому, а Абрагам пайшоў з Імі, праводзячы Іх. 17 І ГОСПАД сказаў: «Ці ж схаваю Я перад Абрагамам, што маю зрабіць? 18 Абрагам станецца народам вялікім і магутным, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы зямлі. 19 Бо Я спазнаў яго, каб ён загадаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, і будуць захоўваць шлях ГОСПАДА, чыніць праведнасьць і суд, каб ГОСПАД зьдзейсьніў Абрагаму ўсё, што сказаў яму». 20 І сказаў ГОСПАД: «Крык Садому і Гаморы вялікі, і грэх іхні вельмі цяжкі. 21 Дык зыйду і пагляджу, ці паводле крыку, які даходзіць да Мяне, учыняюць усё, ці не, і буду [гэта] ведаць». 22 І павярнуліся тыя мужы, і пайшлі ў Садом, а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам ГОСПАДА. 23 І падыйшоў Абрагам, і сказаў: «Няўжо загубіш праведнага разам з бязбожным? 24 Можа, ёсьць у горадзе пяцьдзясят праведнікаў, няўжо Ты загубіш і не прабачыш гэтай мясцовасьці дзеля пяцідзесяці праведнікаў, якія ў ім? 25 Няхай будзе далёкім ад Цябе, каб Ты ўчыніў такую справу, каб забіць праведнага з бязбожным, каб праведнаму было таксама, як і бязбожнаму! Няхай будзе далёкім ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ня ўчыніць правасудзьдзя?» 26 І сказаў ГОСПАД: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў у горадзе, дзеля іх прабачу ўсёй мясцовасьці». 27 І адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа пачаў я гаварыць да Госпада майго, хоць я — пыл і попел. 28 Можа, ня хопіць пяці да гэтых пяцідзесяці праведнікаў, няўжо дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» І сказаў [Госпад]: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць». 29 І працягваў гаварыць з Ім, і сказаў: «Можа, знойдзецца там сорак?» І Ён сказаў: «Не зраблю гэтага дзеля сарака». 30 І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць. Можа, знойдзецца там трыццаць?» І Ён сказаў: «Не зраблю, калі знайду там трыццаць». 31 І сказаў ён: «Вось, я пачаў гаварыць да Госпада майго. Можа, знойдзецца там дваццаць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці». 32 І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць яшчэ раз. Можа, знойдзецца там дзесяць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці». 33 І пайшоў ГОСПАД, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся да месца свайго. |