І сказаў [Госпад]: «Выйдзі і стань на гары перад абліччам ГОСПАДА». І вось, праходзіў ГОСПАД. І моцны, вялікі вецер пераварочваў горы і разьбіваў скалы перад абліччам ГОСПАДА. Але ня ў ветры ГОСПАД. А пасьля ветру — землятрус. Але не ў землятрусе ГОСПАД.
У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.
Таму ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і Ён выцягнуў руку Сваю супраць яго, каб пакараць яго, і задрыжэлі горы, і трупы іхнія [сталіся] як сьмецьце сярод вуліцы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Ягоны, і рука Ягоная яшчэ выцягнута.
Ад Дана чуваць хрыпеньне коней іхніх, ад голасу іржаньня жарабцоў іхніх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і зжаруць усю зямлю і поўню яе, горад і жыхароў ягоных у ім.
У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.
І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.