Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 18 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 18

1 Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў [гэта].

2 Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!

3 Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!

4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.

5 Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;

6 путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.

7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.

8 І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.

9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.

10 Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.

11 Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.

12 Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.

13 Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у небе ГОС­ПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.

15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.

16 І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОС­ПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.

17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,

18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.

19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.

20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.

21 ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,

22 бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго;

23 бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.

24 Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.

25 І аднагародзіў мне ГОС­ПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.

26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,

27 для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,

28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.

29 Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.

30 Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.

31 Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.

32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?

33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;

34 Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне,

35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.

36 І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне.

37 Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.

38 Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.

39 Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.

40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.

41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.

42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны [клікалі] да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.

43 Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.

44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.

45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.

46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.

47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго,

48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,

49 выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.

50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.

51 Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.

Сачыце за намі:



Аб'явы