Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 77 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 77

1 Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа.

2 Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.

3 У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.

4 Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)

5 Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.

6 Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.

7 Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой:

8 «Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?

9 Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?

10 Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях)

11 І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.

12 Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.

13 І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць».

14 У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог?

15 Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.

16 Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)

17 Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.

18 Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.

19 Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.

20 Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.

21 Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.

Сачыце за намі:



Аб'явы