Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


СУДЗЬДЗЯЎ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
СУДЗЬДЗЯЎ 15

1 А па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон прыйшоў, жадаючы наведаць жонку сваю, і прынёс ёй казляня з казінага статка. Калі хацеў увайсці, як звычайна, у пакой яе, бацька яе забараніў яму,

2 кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму; але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе: хай яна будзе табе жонкаю».

3 Адказаў яму Самсон: «З гэтага дня не буду вінаваты адносна філістынцаў, бо буду вам рабіць шкоду».

4 І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і звязаў іх хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.

5 Запаліўшы паходні, ён пусціў лісаў, каб яны разбегліся ў розныя бакі. Лісы адразу ж пабеглі на палі філістынцаў. Запаліўшы іх, яны спалілі і ўжо сабраны ўраджай, і тое, што ў той час было ў сцябле, так што полымя ахапіла нават і вінаграднікі з маслінавымі гаямі.

6 І пыталіся філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тамны, бо ён адабраў у яго жонку і аддаў яе іншаму — вось што ён зрабіў». Дык пайшлі тады філістынцы і спалілі жанчыну і бацьку яе.

7 А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супакоюся, пакуль вам не адпомшчу».

8 І прынёс ім вялікае знішчэнне, перабіваючы сцёгны і лыткі. А ён пайшоў і абжыўся ў пячоры скалы ў Этаме.

9 І пайшлі філістынцы ў зямлю Юды і сталі лагерам, і да Лехі даходзілі іх войскі.

10 І сказалі ім тады людзі з пакалення Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і аддаць яму за тое, што ён нам зрабіў».

11 Дык тры тысячы мужчын з пакалення Юды пайшлі да пячоры скалы ў Этаме і сказалі Самсону: «Ці ты не ведаеш, што філістынцы валадараць над намі? Чаму ты пажадаў зрабіць гэта?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».

12 «Прыйшлі мы, — кажуць яму, — звязаць цябе і выдаць у рукі філістынцаў». Сказаў ім Самсон: «Прысягніце і паабяцайце мне, што мяне не заб’яце».

13 Яны сказалі: «Не заб’ём, але звязанага, выдадзім цябе». І звязалі яго дзвюма новымі вяроўкамі, і звялі яго са скалы ў Этаме.

14 Калі прыбыў ён у Леху і філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач, Дух Госпадаў сышоў на яго, і, як звычайна знішчаецца лён ад вогненнага дыму, так вяроўкі, якімі быў ён звязаны, рассыпаліся і развязаліся.

15 Тады, знайшоўшы яшчэ свежую асліную сківіцу, ён, схапіўшы яе, знішчыў ёю тысячу чалавек.

16 І сказаў ён: «Сківіцаю аслінаю я знішчыў іх, сківіцаю дзіцяняці аслінага тысячу чалавек я забіў!»

17 І, калі пракрычаў ён гэтыя словы, кінуў з рукі сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі.

18 І, чуючы вялікую смагу, паклікаў ён Госпада, і казаў: «Ты рукою слугі Свайго даў гэта найвялікшае збаўленне і перамогу, і вось, я паміраю ад смагі і траплю ў рукі неабрэзаных».

19 Тады Бог адкрыў скалу ля Лехі і выцекла адтуль вада. Напіўшыся вады, ён ажыў духам і набраўся сілы. Таму тое месца называюць Эн-Гакарэ да сённяшняга дня.

20 І быў ён суддзёю Ізраэля ў дні філістынцаў дваццаць гадоў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)