СУДЗЬДЗЯЎ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе. 2 Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе. 3 А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна. 4 Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла. 5 І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны». 6 Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?» 7 Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі». 8 І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго 9 ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла. 10 Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны». 11 Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей». 12 Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны. 13 І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі». 14 Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю. 15 І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая». 16 І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла. 17 Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі». 18 Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі. 19 А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж. 20 І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго. 21 Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне. 22 Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць. 23 А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона». 24 І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў». 25 І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі. 26 І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць». 27 А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх. 28 Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!» 29 І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой, 30 і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго. 31 І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)