Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

СУДЗЬДЗЯЎ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І пайшоў Самсон у Тамну, і, убачыўшы там жанчыну з дачок філістынскіх,

2 ён вярнуўся, і заявіў бацьку свайму і маці, кажучы: «У Тамне бачыў я жанчыну з дачок філістынскіх, прашу, каб вы ўзялі яе мне за жонку».

3 Бацька і маці яго сказалі яму: «Ці ж няма жанчыны між дачок братоў тваіх і ва ўсім народзе тваім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў філістынцаў, якія неабрэзаныя?» І сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».

4 Бацькі ж яго не ведалі, што гэта справа Госпада і што Ён шукае прычыны выступіць супраць філістынцаў. Бо ў той час філістынцы валадарылі над Ізраэлем.

5 І пайшоў Самсон з бацькам сваім і маці ў Тамну. І, калі падыходзілі яны да вінаграднікаў горада, выскачыў з рыкам малады леў і пабег насустрач яму.

6 І сышоў тады на Самсона Дух Госпадаў, і ён разадраў ільва на кускі, як казляня, зусім нічога не маючы ў руках. Але бацьку і маці аб гэтым не пажадаў сказаць.

7 І прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі яго вочы.

8 І па нейкім часе, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, ён сышоў у бок, каб убачыць труп ільва; і вось, рой пчол быў на яго целе і пчаліныя соты з мёдам.

9 І, узяўшы іх у рукі, ён еў мёд у дарозе; і, вярнуўшыся да бацькі свайго і маці, ім даў частку, каб і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела льва.

10 Дык бацька яго пайшоў да тае жынчыны, і справіў там Самсон банкет, бо так звычайна робяць нарачоныя.

11 А калі жыхары таго месца ўбачылі яго, яны далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.

12 Сказаў ім Самсон: «Загадаю я вам загадку: калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, дам я вам трыццаць шатаў ільняных і столькі ж тунікаў.

13 А калі не зможаце разгадаць, вы дасцё мне трыццаць шатаў ільняных і такую ж колькасць тунікаў». Яны адказалі яму: «Загадвай сваю загадку, каб мы паслухалі яе».

14 І ён сказаў ім: «З таго, хто есць, выйшла ежа, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадку.

15 А калі надышоў чацвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Прылашчы мужа свайго і ўгавары яго, каб ён сказаў табе, што азначае загадка; калі не пажадаеш зрабіць гэта, спалім цябе і дом бацькі твайго: ці вы таму запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»

16 Ліла слёзы жонка Самсона перад ім і скардзілася, кажучы: «Ненавідзіш ты мяне і не любіш, таму загадку, якую загадаў сынам народа майго, не хочаш мне растлумачыць». А ён адказаў: «Нават бацьку свайму і маці не жадаю гаварыць аб гэтым, а як магу табе растлумачыць?»

17 Дык яна плакала перад ім сем дзён, калі спраўлялі банкет: сёмага дня ўрэшце растлумачыў ён ёй загадку, бо яна вельмі дакучала яму. А яна адразу ж перадала гэта суайчыннікам сваім.

18 І яны сёмага дня перад захадам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва?» Ён ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б маёй загадкі».

19 Тады сышоў на яго Дух Госпадаў, і ён пайшоў у Аскалон, і забіў там трыццаць чалавек: знятае з іх адзенне аддаў ён тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны дужа, вярнуўся ў дом бацькі свайго.

20 Жонка ж Самсонава выйшла за аднаго з вясельных сяброў яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы