1 Просьба. Давідаў. Нахіні, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай мяне, бо ўбогі я і бедны. 2 Сцеражы душу маю, бо я цнатлівы, збаў слугу Твайго, Божа мой, які ўскладае надзею на Цябе. 3 Злітуйся нада мной, Госпадзе, бо да Цябе ўсклікаў я цэлы дзень. 4 Узвесялі душу Твайго слугі, бо да Цябе, Госпадзе, узвысіў я душу маю. 5 Бо Ты ж, Госпадзе, добры і ласкавы, і вялікая міласэрнасць [Твая] да ўсіх, што прызываюць Цябе. 6 Успрымі вушамі, Госпадзе, малітву маю і звярні ўвагу на голас малення майго. 7 У дзень бяды маёй клічу я Цябе, бо ведаю, што Ты выслухаеш мяне. 8 Няма Табе, Госпадзе, роўнага між багоў і няма нічога [такога ж], як справы Твае. 9 Прыйдуць усе народы, якія Ты стварыў, і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славіць будуць яны Тваё імя. 10 Бо вялікі Ты і творыш цуды. Ты толькі адзін Бог. 11 Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і буду хадзіць я ў праўдзе Тваёй; зрабі шчырым сэрца маё, каб шанавала яно імя Тваё. 12 Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім і буду вечна праслаўляць імя Тваё, 13 бо міласэрнасць Твая да мяне вялікая і вырваў Ты душу маю з пекла апраметнага. 14 Божа, пыхліўцы паўсталі супраць мяне, і зграя моцных шукае душу маю; і не паставілі яны Цябе перад сабою. 15 А Ты, Госпадзе, Бог міласэрны і літасцівы, і цярплівы, вялікай спагаднасці і праўды, 16 глянь на мяне і злітуйся нада мною, дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служанкі Сваёй. 17 Учыні са мною знак на дабро, каб убачылі тыя, што ненавідзяць мяне, і пасаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і пацешыў мяне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)