ПСАЛТЫР 85 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм. 2 Спагадным быў Ты, Госпадзе, у Тваёй зямлі, перавярнуў Ты паланенне Якубава. 3 Адпусціў Ты несправядлівасць народа Твайго, дараваў усе грахі іх. 4 Спыніў Ты ўвесь гнеў Твой, адступіўся ад абурэння раздражнёнасці Тваёй. 5 Навярні нас, Божа, збаўленне наша, і адвядзі гнеў Твой ад нас. 6 Ці ж вечна будзеш гневацца на нас, ці ж прадоўжыш гнеў Твой з пакалення ў пакаленне? 7 Няўжо Ты, навярнуўшы, не ажывіш нас і народ Твой не ўзвесяліцца з Табою? 8 Госпадзе, пакажы нам Тваю міласэрнасць і дай нам Тваё збаўленне. 9 Паслухаю, што кажа Госпад Бог, бо, напэўна, вясціць Ён мір народу Свайму, і святым Сваім, і тым, якія ўсім сэрцам навяртаюцца да Яго. 10 Сапраўды блізкае збаўленне Яго для тых, што шануюць Яго, каб пасялілася слава на зямлі нашай. 11 Міласэрнасць і праўда спаткаюцца паміж сабою, справядлівасць і мір пацалуюцца. 12 Вернасць узнікне з зямлі, а справядлівасць прагляне з неба. 13 Бо Госпад дасць добразычлівасць, а зямля наша дасць плод свой. 14 Справядлівасць пойдзе перад Ім, і паставіць на дарозе крокі свае. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)