1 Кіраўніку хору. Песня. Псальм. Усклікайце радасна да Бога, кожная зямля, 2 псальм спявайце славе імя Яго, услаўляйце славу Яго. 3 Кажыце Богу: «Якія ж [неспасцігальна] страшныя справы Твае!» Дзеля велічнасці моцы Тваёй будуць падлашчвацца да Цябе непрыяцелі Твае. 4 Кожная зямля паклоніцца Табе і будзе спяваць псальмы Табе, праспявае псальм імю Твайму. 5 Прыйдзіце і паглядзіце на справы Божыя, [неспасцігальна] страшны Ён у вынаходніцтвах над сынамі чалавечымі! 6 Пераўтварыў Ён мора ў сушу, і па рацэ перайдуць пехатою; там узвесялімся мы ў Ім. 7 Ён валадарыць у магуцці Сваім вечна, вочы Яго пазіраюць на народы, бунтаўнікі хай не ўзвышаюцца самі ў сабе. 8 Дабраславіце, народы, Бога нашага, і ўчыніце, каб пачуты быў голас хвалы Яго; 9 Ён прыклаў душу нашу да жыцця і не выдаў на хістанне ногі нашы. 10 Бо Ты праверыў нас, Божа наш, агнём нас выпрабаваў, як выпрабоўваюць срэбра. 11 Увёў Ты нас у пастку, усклаў беды на спіну нашу. 12 Насадзіў Ты людзей на галовы нашы, прайшлі мы праз агонь і ваду, і вывеў Ты нас да палёгкі. 13 Увайду я ў дом Твой з цэласпаленнямі; аддам Табе абяцанні мае, 14 якія прараклі вусны мае і прамовіў язык мой у бядзе маёй. 15 Тлустыя цэласпаленні прынясу я Табе з ахвяраваннем бараноў, прынясу Табе быкоў з казламі. 16 Прыйдзіце, паслухайце, што я распавяду, вы ўсе, што шануеце Бога, — што ўчыніў Ён для душы маёй. 17 Да Яго паклікаў я вуснамі маімі і ўзвялічыў языком маім. 18 Калі ж схіліўся б я да несправядлівасці ў сэрцы сваім, то не выслухае Госпад. 19 Таму выслухаў Бог, звярнуў увагу на маленне маё. малітвы маёй і [не аддаліў] міласэрнасці Сваёй ад мяне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)