1 Кіраўніку хору. На струнах. Давідаў. 2 Выслухай, Божа, маленне маё, зваж на малітву маю. 3 З канцоў зямлі ўсклікаў я да Цябе, бо трывожыцца сэрца маё. На скалу непрыступную завядзі мяне! 4 Бо стаўся Ты надзеяй маёй, моцнай вежай перад непрыяцелем. 5 Буду жыць я вечна ў палатцы Тваёй, схаваюся пад покрывам крылаў Тваіх, 6 бо ты, Божа мой, выслухаў абяцанні мае, даў спадчыну тым, што шануюць імя Тваё. 7 Ты дадасі дні да днёў цара, гады ж яго — праз пакаленні і пакаленні. 8 Хай сядзіць ён вечна перад Богам; міласэрнасць і ласка хай захоўваюць яго. 9 Так буду я спяваць псальмы імю Твайму на векі вечныя, каб спаўняць мне абяцанні мае ад дня да дня. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)