ПСАЛТЫР 62 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле Ідытун. Псальм. Давідаў. 2 Толькі ў Богу спачні, душа мая, бо ад Яго — збаўленне маё. 3 Сапраўды, Ён — прыстанішча маё і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся больш. 4 Што вы кідаецеся на чалавека, быццам на сцяну пахілую або плот павалены, што вы ўсе руйнуеце [яго]? 5 Вось, задумваюць яны спіхнуць мяне з вышыні маёй, захапляюцца маной. Вуснамі сваімі дабраслаўляюць, а сэрцам праклінаюць. 6 Толькі ў Богу спачывае душа мая, бо ад Яго — цярплівасць мая. 7 Сапраўды, Ён — Бог мой і збаўленне маё, абарона мая — не пахіснуся. 8 У Богу — збаўленне маё і слава мая; Бог моцы маёй, і прыстанішча маё — ў Богу. 9 Майце надзею ў Ім, уся грамада людская, адчыніце перад Ім сэрцы вашыя; Бог — прыстанішча для нас. 10 Сапраўды, марнасць — сыны Адамавы, мана — сыны чалавечыя. Калі на шалях яны ўздымаюцца, то ўсе — лягчэйшыя за дым. 11 Не спадзявайцеся на гвалт і не падманвайце сябе крадзяжом, хоць бы багацце і павялічвалася — не прыкладайце [да яго] сэрца. 12 Раз прамовіў Бог, гэтыя дзве рэчы пачуў я: бо сіла — у Бога, 13 і ў Цябе, Госпадзе, — міласэрнасць; бо Ты аддаеш кожнаму па справах яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)