1 Алілуя. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. 2 Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе магуцці Яго. 3 Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі бліскучыя. 4 Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, і ўсе воды, якія над небам. 5 Хваліце імя Госпада, бо загадаў Ён, і ўсё было створана; 6 устанавіў Ён гэта навечна і на векі вечныя, паклаў загад, і не зменіць [яго]. 7 Хваліце Госпада з зямлі, марскія драконы і ўсе бяздонні, 8 агонь, град, снег, імгла, вецер навальнічны, які спаўняе слова Яго, 9 горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладовыя і ўсе кедры, 10 дзікія звяры і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя. 11 Цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе суддзі зямлі, 12 юнакі і дзяўчаты, старыя з падлеткамі 13 хай славяць імя Госпада, бо ўзвысілася імя аднаго Яго. Веліч Яго вышэй за неба і зямлю, 14 і ўзвысіў Ён рог народа Свайго. Песнь хвалы ўсім святым Яго, сынам Ізраэля, народа, які Яму блізкі. Алілуя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)