ПСАЛТЫР 147 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Алілуя. Хваліце Госпада, бо Ён добры, спявайце псальмы Богу нашаму, бо Ён мілы, Яму належыць хвала. 2 Госпад будуе Ерузалім, збірае расцярушаных з Ізраэля. 3 Ён лечыць зламаных духам і перавязвае іх раны; 4 Ён вызначае лік зорак і ўсім ім дае імёны. 5 Вялікі Госпад наш і вялікі магуццем, няма ліку мудрасці Яго. 6 Госпад падтрымлівае пакорлівых, а грэшнікаў прыніжае аж да зямлі. 7 Спявайце Госпаду песню падзякі, грайце псальмы Госпаду нашаму на цытры. 8 Ён закрывае неба хмарамі і ўдабрае зямлю дажджом, Ён вырошчвае траву на гарах і траву, карысную людзям. 9 Ён дае ежу жывёле Сваёй і вараняткам, якія прызываюць Яго. 10 Не захапляе Яго сіла каня, ані сіла ног чалавечых. 11 Падабаюцца Госпаду тыя, што Яго шануюць, і тыя, што ўсклалі надзею на міласэрнасць Яго. 12 Хвалі, Ерузалім, Госпада, выслаўляй Бога твайго, Сіён. 13 Бо Ён умацаваў засаўкі брамаў тваіх, дабраславіў сыноў тваіх у табе. 14 Ён усталёўвае супакой як межы твае і да сытасці корміць цябе пшаніцаю. 15 Пускае прырачэнне Сваё на зямлю, хутка ляціць Яго слова. 16 Ён дае снег, быццам воўну, іней, быццам попел, рассыпае. 17 Кідае градам Сваім, як крошкамі [хлеба]; хто ўтрывае перад сцюжаю Яго? 18 Пашле Ён слова Сваё, і растопіць іх; павее вецер Яго, і пацякуць воды. 19 Ён абвяшчае слова сваё Якубу, справядлівасці і загады Свае — Ізраэлю. 20 Ніводнаму народу не зрабіў так, і не аб’явіў ім сваіх прысудаў. Алілуя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)