Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 102 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ПСАЛТЫР 102

1 Маленне гаротніка, які, спакутаваны, вылівае тугу сваю перад Богам.

2 Госпадзе, выслухай маю малітву, і хай кліч мой дойдзе да Цябе.

3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у які б дзень ні бедаваў я, нахіні да мяне вуха Тваё. У які б дзень ні прызваў Цябе, хутка выслухай мяне.

4 Бо дні мае зніклі, як дым, і косці мае згарэлі, як вецце.

5 Звяла, як сена, і высахла сэрца маё, бо забыўся я спажыць хлеб мой.

6 Ад голасу стогну майго прысохла шкура мая да касцей.

7 Стаўся я падобным да пустыннага пелікана, стаўся я, як сава ў руінах.

8 Страціў я сон і стаўся, быццам самотны верабей на страсе.

9 Цэлы дзень зневажалі мяне мае непрыяцелі, якія, распаляючыся супраць мяне, пракліналі мяне.

10 Бо еў я попел, як хлеб, а пітво маё мяшаў са слязамі

11 з прычыны гневу і раздражнёнасці Тваёй, бо, узнёсшы, Ты скінуў мяне.

12 Дні мае, як цень, сышлі, і я, як трава, высах.

13 Але Ты, Госпадзе, трываеш век, і памяць Твая — на ўсе пакаленні.

14 Ты, паўстаўшы, злітуешся над Сіёнам, бо час злітавацца над ім, бо надышоў час,

15 бо спадабаліся слугам Тваім каменні яго, і шкада ім парахна яго.

16 І паганы будуць шанаваць імя Тваё, Госпадзе, а ўсе цары зямлі — славу Тваю.

17 Бо збудаваў Госпад Сіён і з’явіўся ў славе Сваёй.

18 Звярнуў увагу Ён на малітву ўбогага, і не выказаў пагарды да просьбаў іх.

19 Трэба гэта спісаць для наступнага пакалення, і народ, які будзе сабраны, будзе хваліць Госпада.

20 Бо паглядзеў з высокага свяцілішча Свайго, Госпад з неба зірнуў на зямлю,

21 каб пачуць стогны ўвязненых, каб развязаць сыноў смерці,

22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Госпада, а хвалу Яго — у Ерузаліме,

23 калі будуць сабраныя разам народы і каралеўствы, каб служыць Госпаду.

24 Прынізіў Ён на шляху магуцце маё, скараціў дні мае.

25 Я скажу: «Божа мой, не прымай мяне ў палавіне дзён маіх; Твае гады трываюць праз усе пакаленні.

26 Напачатку заснаваў Ты зямлю; і неба — стварэнне рук Тваіх.

27 Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць, і Ты скруціш іх, і яны пераменяцца,

28 а Ты Той самы, і гады Твае не скончацца.

29 Сыны Тваіх слуг будуць жыць, і патомства іх перад абліччам Тваім будзе ўмацоўвацца».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)