1 Прысуд на Нініву. Кніга бачання Навума Эльцэзэя. 2 Бог, рупліва апякуючы і помслівы Госпад, мае абурэнне; і помсціць Госпад ворагам Сваім, і спаганяе гнеў на непрыяцелях Сваіх. 3 Госпад цярплівы і магутны моцаю, Госпад не пакіне нікога без пакарання. Праз буру і віхуру шлях Яго, і хмары — пыл ног Яго. 4 Забароніць Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі Ён ператварае ў пустыню. Млее Басан і Кармэль, і вяне кветка Лібана. 5 Дрыжаць горы перад Ім, і ўзгоркі трывожацца; і зямля трасецца перад абліччам Яго, і сусвет ды ўсе, пражываючыя ў ім. 6 Хто ўстаіць перад гневам Яго, і хто сцерпіць полымя абурэння Яго? Гнеў Яго разліваецца, як агонь, і скалы разбураюцца перад Ім. 7 Добры ёсць Госпад — прытулак у дзень бяды і спагадны тым, што на Яго спадзяюцца; 8 і ў бушуючым патопе Ён знішчыць ворагаў Сваіх, і непрыяцеляў Яго будзе пераследаваць цемра. 9 Што думаеце вы супраць Госпада? Ён выканае знішчэнне; не паўторыцца бяда. 10 Як густыя церні, сплеценыя між сабою, ды як горкія п’яніцы, так яны цалкам спалены будуць, як сухая салома. 11 З цябе выйшаў той, хто задумаў ліха супраць Госпада, спланаваўшы ліхія намеры. 12 Вось гэта кажа Госпад: «Хоць яны бяспечныя і шматлікія, аднак будуць яны таксама пасечаны і загінуць; Я табе чыніў шкоду і не буду чыніць табе шкоду болей. 13 І цяпер паламаю Я прут яго, што на спіне тваёй, і разарву твае путы». 14 І загадае Госпад адносна цябе: «Не будзе болей патомства з імем тваім. З дома бога твайго выкіну выразаныя і літыя выявы; прыгатую табе магілу, бо ты абняславіўся». 15 Вось, на гарах ногі вестуна, што супакой абвяшчае. Святкуй, Юда, свае ўрачыстасці і выканай свае абяцанні, бо не пройдзе ўжо больш праз цябе Бэліял: ён дарэшты знішчаны. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)