НАВУМА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Падымаецца на цябе разбуральнік. Беражы ўмацаванні, сцеражы дарогі, умацуй паясніцы, набярыся сілы. 2 Бо адновіць Госпад веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо рабаўнікі абрабавалі іх і паламалі іх парасткі. 3 Шчыт герояў яго — чырвоны: ваяры войска адзеты ў пурпур; агнём блішчаць калясніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і варушацца вершнікі. 4 Па дарогах нясуцца калясніцы, стукаюцца адна аб адну на плошчах; выглядаюць яны, як паходні, як маланкі, што разбягаюцца ў розныя бакі. 5 Ён кліча ваяроў сваіх, яны спатыкаюцца на дарогах сваіх; ірвуцца на мур, і рыхтуецца аблога. 6 Запоры рачныя адкрываюцца, палац разбураецца. 7 І прыгажуня агаляецца, яе бяруць у палон, і нявольніцы яе галосяць, як галубкі, і б’юць у сэрцы свае. 8 І Нініва — як вадаём, поўны вады, воды якога выцякаюць. «Стойце, стойце!» — але ніхто не зважае. 9 «Хапайце срэбра, хапайце золата!» І няма канца багаццям; скарбоўня з усіх жаданых пасудзін. 10 Абрабавана, і спустошана, і разбурана яна, і млее сэрца, і дрыжаць калені; і боль ва ўсёй паясніцы, і збялелыя твары ва ўсіх іх. 11 Дзе лежбішча львоў і пячора львянят, да якой хадзіў леў, каб прывесці туды львяня, і ніхто іх не палохаў? 12 Леў шмат паразрываў для сваіх ільвянят і пазадушваў для львіц сваіх; ён запоўніў здабычаю пячоры свае і лежбішча сваё — нарабаваным. 13 «Вось, Я супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і спалю агнём аж у дым калясніцы твае; і меч звядзе львянят тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і не пачуецца болей голас паслоў тваіх». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)