1 Вось жа, Я пасылаю анёла Майго, і ён прыгатуе дарогу перада Мною; і зараз жа прыйдзе ў святыню Сваю Валадар, Якога вы чакаеце, і Анёл запавету, якога вы прагнеце. Вось, Ён прыходзіць, — кажа Госпад Магуццяў; — 2 і хто можа вытрымаць дзень прышэсця Яго? І хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Ён бо — як агонь растапляючы і як зелле ачышчаючае; 3 і сядзе Ён растапляць і ачышчаць срэбра, і Ён ачысціць сыноў Левія і працэдзіць іх, як золата і як срэбра, і стануць яны складаць Госпаду ахвяры справядліва. 4 І ўпадабае Госпад ахвяру Юды і Ерузаліма, як у часы мінулыя і як у гады даўнейшыя. 5 “І Я прыйду судзіць вас; і буду скорым сведкам супраць чараўнікоў, і чужаложнікаў, і лжывых сведкаў, і крыўдзіцеляў наймітаў, удоў і сірот і супраць тых, што прыгнятаюць чужынца і Мяне не баяцца, — кажа Госпад Магуццяў. — 6 Я бо — Госпад, і не змяніўся; але вы, сыны Якуба, яшчэ не будзеце знішчаны. 7 Бо, пачынаючы ад дзён бацькоў вашых, вы адступіліся ад законных прыказанняў Маіх і не пільнавалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я вярнуся да вас, — кажа Госпад Магуццяў. — І вы кажаце: “У чым маем мы навярнуцца?” 8 Ці ж можа чалавек падманваць Бога? Але вы падманваеце Мяне. І пытаецеся: “У чым мы ашукалі Цябе?” У дзесяцінах і пяршынях. 9 Праклятыя вы праклёнам, бо вы, увесь народ, падманваеце Мяне. 10 Прынясіце ўсе дзесяціны ў скарбніцу, і хай будзе ежа ў доме Маім; і выпрабуйце Мяне, — кажа Госпад Магуццяў, — адносна таго, ці не адкрыю Я вам бездань нябесную і ці не вылью на вас шчодрага дабраславення, 11 І ці дзеля вас Я не пакараю палявога шкодніка, і ці будзе ён нішчыць плады зямлі, і ці будзе ў вас бясплодным вінаград ў полі, — кажа Госпад Магуццяў. — 12 І шчаснымі назавуць вас усе народы, бо будзеце вы зямлёю пажаданай, — кажа Госпад Магуццяў. — 13 Узмацніліся словы вашы супраць Мяне, — кажа Госпад, — і вы пытаецеся: “Што такое гаворым мы супраць Цябе?” 14 Вы кажаце: “Надарма служыць Богу! Бо якую карысць мы мелі з таго, што пільнавалі прыказанні Яго і што хадзілі сумныя перад Госпадам Магуццяў? 15 А цяпер нахабнікаў мы называем шчаснымі, бо адбудаваліся людзі бязбожныя, і спакусілі Бога, і засталіся цэлымі”. 16 Але тыя, што баяцца Бога, казалі тады, адзін аднаму: “Госпад звяртае увагу на гэта і чуе; і запісана гэта ў кнізе ўспамінаў, якая пішацца на віду ў Яго, пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго”. 17 “Будуць яны, — кажа Госпад Магуццяў, — уласнасцю Маёй у той дзень, у які буду дзейнічаць; і Я пашкадую іх, як шкадуе бацька сына свайго, які служыць яму. 18 Зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)