МАЛАХІІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае. 2 Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца. 3 Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою; 4 І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. — 5 Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё. 6 Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці. 7 Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў. 8 А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, — 9 таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону». 10 Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых? 11 Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога. 12 Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў. 13 І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай; 14 і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго. 15 Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі. 16 Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі. 17 Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»? |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)