Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛІКІ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЛІКІ 1

1 І ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Егіпта прамовіў Госпад да Майсея ў пустыні Сінай у палатцы сустрэчы, кажучы:

2 «Пералічыць усю грамаду сыноў Ізраэлевых па родах і па сем’ях іх, і па імёнах — усіх мужчынскага полу:

3 ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ізраэльцаў, палічыце іх па дружынах іх, ты і Аарон.

4 І з кожнага пакалення павінен быць з вамі чалавек, князь дому бацькоў яго,

5 вось гэтыя імёны: ад Рубэна — Элісур, сын Сэдэура;

6 ад Сімяона — Саламіэль, сын Сурысадая;

7 ад Юды — Наасон, сын Амінадаба;

8 ад Ісахара — Натанаэль, сын Суара;

9 ад Забулона — Эліяб, сын Гэлона;

10 ад сыноў Язэпа: ад Эфраіма — Элісама, сын Аміюда; ад Манасы — Гамаліэль, сын Падасура;

11 ад Бэньяміна — Абідан, сын Гедэона;

12 ад Дана — Ахіязэр, сын Амісадая;

13 ад Асэра — Пэгіэль, сын Акрана;

14 ад Гада — Эліясаф, сын Дэуэля;

15 ад Нэфталі — Ахіра, сын Энана».

16 Гэта людзі самыя знакамітыя ў грамадзе, кіраўнікі пакаленняў бацькоў сваіх і кіраўнікі тысяч Ізраэля.

17 Майсей і Аарон узялі іх, паімённа названых,

18 і першага дня другога месяца сабралі яны ўсю грамаду, пералічваючы іх па родах іх, і па сем’ях бацькоў іх, і кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй, па кіраўніках,

19 як загадаў Госпад Майсею. І былі палічаны яны ў пустыні Сінай.

20 Ад сыноў Рубэна, першароднага Ізраэля — пакаленні па плямёнах і па сем’ях бацькоў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою.

21 Было налічана з пакалення Рубэна сорак шэсць тысяч пяцьсот.

22 Ад сыноў Сімяона — пакаленні па племёнах і па сем’ях родаў іх, былі палічаны па імёнах усе людзі мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, здатныя да бою.

23 Было налічана з пакалення Сімяонавага пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.

24 Ад сыноў Гада — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою,

25 было налічана сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.

26 Ад сыноў Юды — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

27 было налічана семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.

28 Ад сыноў Ісахара — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

29 было налічана пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.

30 Ад сыноў Забулона — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

31 было налічана пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.

32 Ад сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

33 было налічана сорак тысяч пяцьсот.

34 Ад сыноў Манасы — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

35 было налічана трыццаць дзве тысячы дзвесце.

36 Ад сыноў Бэньяміна — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

37 было налічана трыццаць пяць тысяч чатырыста.

38 Ад сыноў Дана — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

39 было налічана шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.

40 Ад сыноў Асэра — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

41 было налічана сорак адна тысяча пяцьсот.

42 Ад сыноў Нэфталі — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,

43 было налічана пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.

44 Гэта тыя, каго палічылі Майсей і Аарон разам з дванаццаццю кіраўнікамі Ізраэля, па адным з сям’і бацькоў іх.

45 І поўны лік сыноў Ізраэля, здатных да бою, па сем’ях бацькоў іх, ад дваццаці гадоў і вышэй,

46 складаў шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.

47 А левіты былі палічаны з імі ў пакаленні бацькоў іх.

48 І Госпад сказаў Майсею, гаворачы:

49 «Не лічы пакаленне Леві і не далучай колькасць іх да сыноў Ізраэля,

50 але даручы ім скінію сведчання, усе яе прылады і ўсё, што патрэбна для рытуалаў. Хай яны носяць скінію і ўсе яе прыналежнасці, і хай будуць пры ёй служыць, і навокал яе хай паставяць палаткі.

51 Калі трэба будзе пусціцца ў дарогу, хай разбяруць скінію левіты; калі трэба будзе размясціцца лагерам, хай паставяць яе; калі хто з чужых наблізіцца, будзе пакараны смерцю.

52 Сыны ж Ізраэля хай стануць лагерам: усе на сваім месцы ў лагеры, кожны пад сваім сцягам, пры сваіх дружынах.

53 А левіты хай паставяць палаткі вакол скініі сведчання, каб не было гневу на грамаду сыноў Ізраэля, і хай яны стаяць на варце скініі сведчання».

54 Такім чынам, сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)