ЛІКІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: 2 «Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці. 3 З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба; 4 і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот. 5 Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара; 6 і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. 7 У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў — 8 пяцьдзесят сем тысяч чатырыста. 9 Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць. 10 З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура; 11 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот. 12 Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая; 13 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста. 14 У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля; 15 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят. 16 Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах. 17 Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам. 18 З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда; 19 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот. 20 І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура; 21 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце. 22 І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона; 23 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста. 24 Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція. 25 З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая; 26 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот. 27 Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана; 28 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот. 29 З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана; 30 усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. 31 Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі». 32 Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят. 33 А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею. 34 І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)