1 І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Збярыцеся, каб мне абвясціць, што чакае вас у пазнейшых часах. 2 Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля! 3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасці, старэйшы па сіле! 4 Пенячыся, як вада, не будзеш пяршынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасцель маю. 5 Сімяон і Леві — браты, начынне гвалту зброя іх. 6 У іх нараду не ўвойдзе душа мая, і ў сходзе іх хай не будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў сваволлі сваім падрэзалі жылы быкоў. 7 Праклятая лютасць іх, бо ўпорыстая, і заядласць іх, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю. 8 Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго. 9 Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты; адпачыць лёг ён, як леў і быццам львіца, і хто пабудзіць яго? 10 Не будзе аднятае жазло ад Юды, і кій князя — з-пад ног яго, пакуль не прыйдзе той, чыім яно ёсць і каму скорацца народы. 11 Прывязваючы да вінаградніку аслянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асліцы сваёй, памые ў віне адзенне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой. 12 Вочы яго цямнейшыя за віно, і зубы яго бялейшыя за малако. 13 Забулон на беразе мора будзе жыць і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідона. 14 Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загонаў. 15 Ён убачыў, што супачынак — гэта добра і што зямля — гэта найлепш; і падставіў ён плячо сваё да нашэння, і пачаў служыць за плату. 16 Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленняў Ізраэля. 17 Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад. 18 Чакаць буду, Госпадзе, збаўлення Твайго! 19 Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты. 20 Асэр — сыты хлеб яго, і ён будзе дзяліць раскошы царскія. 21 Нэфталі — адпушчаная лань, што дае прыгожыя рогі. 22 Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выступаюць па-за мурам. 23 Але дражнілі яго і сварыліся, і варожымі яму былі тыя, якія маюць дроцікі. 24 Ды зламаўся лук іх, і аслаблі мышцы плечаў іх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзякуючы імю Пастыра, Каменя Ізраэля. 25 Бог бацькі твайго будзе Успаможцам тваім, і Усемагутны будзе дабраслаўляць цябе дабраславеннямі нябеснымі з гары, дабраславеннем бездані, што ляжыць унізе, дабраславеннем грудзей і ўлоння. 26 Дабраславенні бацькі твайго ўзмацніліся па-над дабраславеннямі гораў адвечных і па-над пажаданнямі ўзгоркаў спрадвечных; хай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранца між братоў сваіх. 27 Бэньямін — воўк драпежны, шторання будзе есці здабычу, а вечарам дзяліць здабытак». 28 Усе яны — гэта дванаццаць пакаленняў Ізраэля. Вось, гэта сказаў ім бацька іх і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславеннямі. 29 А потым даў ім загад, кажучы: «Я далучаюся да народа свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэла, якая знаходзіцца на полі Эфрона Хетыта, 30 насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Хетыта як магілу ва ўласнасць для пахавання. 31 Там пахавалі яго і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная; 32 Сгэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хетытавых». 33 Скончыўшы даручэнні сынам сваім, паклаў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народа свайго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)