БЫЦЦЁ 48 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька яго. І ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма. 2 І сказалі старому: «Вось жа, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку 3 і, калі той увайшоў да яго, сказаў: «Усемагутны Бог аб’явіўся мне ў Лузе, які ёсць у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне, 4 і сказаў: “Я пашыру цябе і размножу, і зраблю цябе мноствам народаў. Дам табе і нашчадкам тваім па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасць”. 5 Дык два твае сыны, якія нарадзіліся табе ў зямлі Егіпецкай, перш чым я прыйшоў да цябе сюды, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць лічыцца маімі, як Рубэн і Сімяон. 6 Астатнія ж, якія народзяцца табе пасля іх, будуць тваімі і імем братоў сваіх назавуцца ва ўладаннях сваіх. 7 У мяне, вось, калі я вяртаўся з Падан-Арама, памерла Ракель, маці твая, у зямлі Ханаан, у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, якая іншым імем называецца Бэтлехэм». 8 Бачачы ж сыноў яго, спытаўся ў яго: «Хто гэта?» 9 [Язэп] адказваў: «Сыны мае, якіх даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — іх да мяне, каб я іх дабраславіў!» 10 А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасці былі зацмёныя і не маглі выразна бачыць. Дык калі падвёў іх да яго, абняў іх і пацалаваў, 11 і сказаў сыну свайму: «Не быў я пазбаўлены таго, каб убачыць цябе, звыш таго, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх». 12 Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі. 13 І паставіў Эфраіма праваруч сябе, гэта значыць леваруч Ізраэля, а Манасу лявіцай сваёй, значыць, праваруч бацькі; і падвёў абодвух да яго. 14 Той, выцягнуўшы правую руку, паклаў яе на галаву Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаву Манасы, старэйшага гадамі, змяняючы рукі. 15 І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасці Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Які пасвіў мяне ад юнацтва майго аж па сённяшні дзень, 16 Анёл, які вырываў мяне з усякіх бед, хай дабраславіць гэтых хлопцаў! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікае мноства на зямлі!» 17 Калі Язэп убачыў, што бацька яго паклаў правую руку на галаву Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І, схапіўшы бацькаву руку, паспрабаваў перакласці з галавы Эфраіма на галаву Манасы. 18 І сказаў бацьку: «Не выпадае так, ойча, бо гэты першародны: пакладзі правіцу сваю на яго галаву!» 19 Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і гэты таксама стане народам і памножыцца, але брат яго меншы большым будзе за яго, і патомства яго разрасцецца ў мноства плямёнаў». 20 І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраэль, і скажа: “Хай учыніць табе Бог, як Эфраіму і як Манасе!”» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам. 21 І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось, я паміраю, але Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых. 22 І я даю табе болей, чым братам тваім, на адну частку, якую здабыў я з рукі амарэя мечам і лукам сваім». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)