Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 40 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 40

1 Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім.

2 І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў,

3 адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп.

4 І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.

5 Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе.

6 І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі,

7 то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»

8 Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі».

9 Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст,

10 на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады.

11 І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».

12 Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні,

13 па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.

14 Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы.

15 Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму».

16 А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі

17 і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе».

18 Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні.

19 Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё».

20 Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў.

21 І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару,

22 а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп.

23 Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)