1 Сара жыла сто дваццаць сем гадоў. 2 І памерла яна ў Карыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць і плакаць па ёй. 3 І калі скончыў ён абрад пахавання, звярнуўся да сыноў Хета, кажучы: 4 «Я ў вас чужынец і пасяленец, дазвольце мне прыдбаць магілу побач з вамі, каб мог я пахаваць сваю памерлую». 5 А сыны Хета адказалі, гаворачы: 6 «Паслухай нас, гаспадару, ты ў нас князь Божы; дык пахавай сваю памерлую ў найлепшай з магіл нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памерлую ў яго магіле». 7 Тады Абрагам устаў і аддаў паклон народу зямлі, значыць сынам Хетавым, 8 і сказаў ім: «Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памерлую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Сэора, 9 каб даў мне пячору Махпэла, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасць яе ў вашай прысутнасці, каб меў я магілу ва ўласнасць». 10 А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І Эфрон Хетыт пры ўсіх сынах Хета, якія сышліся пры браме горада таго, адказаў Абрагаму, гаворачы: 11 «Ніколі не будзе так, валадару мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасці сыноў народа майго, хавай памерлую сваю». 12 Абрагам пакланіўся перад народам зямлі 13 і сказаў Эфрону ў прысутнасці народа зямлі: «Прашу, паслухай мяне. Я дам грошы за поле, прымі іх, і тады пахаваю памерлую сваю на ім». 14 А Эфрон адказаў Абрагаму, гаворачы: 15 «Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сікляў срэбра, сума невялікая для мяне і цябе, хавай сваю памерлую!» 16 І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасці сыноў Хета, чатырыста сікляў срэбра, як было прынята ў купцоў. 17 Так вось поле Эфрона, якое было ў Махпэле, паблізу Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы яго ўздоўж граніцы яго кругом 18 сталіся ўласнасцю Абрагама, у прысутнасці сыноў Хета і ўсіх, якія ўвайшлі ў браму таго горада. 19 Пасля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэле, паблізу Мамрэ, значыць Геброна, у зямлі Ханаан. 20 Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад сыноў Хета да Абрагама, каб прыдбаць магілу. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)