Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


АМОСА 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
АМОСА 1

1 Словы Амоса, які быў сярод пастухоў з Тэкуа; што бачыў ён адносна Ізраэля ў дні Озіі, цара Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаса, цара Ізраэля, і за два гады перад землятрусам.

2 І сказаў ён: «Госпад грыміць з Сіёна і з Ерузаліма падае голас Свой; і бядуюць лугі пастухоў, і вяршыня Кармэля стогне.

3 Вось што кажа Госпад: “З прычыны трох злачынстваў Дамаска і дзеля чатырох не адмяню слова, таму што малацілі жалезнымі калясніцамі Галаад.

4 Пашлю агонь на дом Газаэля, і паглыне ён палацы Бэнадада.

5 І сатру запоры Дамаска, і знішчу жыхароў з даліны Авэн і трымаючага скіпетр з Бэтэдэна, а народ сірыйскі заведзены будзе ў палон у Кір”, — кажа Госпад.

6 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Газы і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны вывелі ўсіх, як палонных, каб перадаць іх у Эдом.

7 Ды пашлю агонь на муры Газы, і паглыне ён палацы яго.

8 Выгублю жыхара з Азота і трымаючага скіпетр з Аскалона, павярну руку Сваю супраць Акарона, і прападзе астатак філістынцаў”, — кажа Госпад Бог.

9 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Тыра і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны перадалі ўсіх, як палонных, у Эдом і не памяталі пра братэрскае пагадненне.

10 Сашлю агонь на муры Тыра, і паглыне ён яго палацы”.

11 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Эдома і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што ён пераследаваў брата свайго мечам, і парушыў пачуццё міласэрнасці, і безупынна трываў у гневе сваім, і гнеў свой захаваў да канца.

12 Пашлю агонь на Тэман, і паглыне палацы Босры”.

13 Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Амона і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны рассякалі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць свае межы.

14 Дык распалю агонь на мурах Рабы, і паглыне ён яго палацы сярод голасу ў дзень бою ды сярод віхуры ў дзень буры;

15 і пойдзе цар іх у палон, ён і князі разам”, — кажа Госпад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)