1 Пашліце ягня валадару краіны, з Петры ў пустыні на гару дачкі Сіёна! 2 І будзе: як птушка, якая аддаляецца, і птушаняты, што вылятаюць з гнязда, такімі будуць дочкі Мааба каля броду Арнон. 3 Дай раду, разваж, пакладзі цень твой апоўдні, як бы ноччу, схавай выгнаннікаў, не выдай вандроўнікаў. 4 Хай абжывуцца ў цябе выгнаннікі Мааба, будзь ім сховішчам перад спусташальнікам; бо скончыўся прыгнятальнік, спыніўся грабёж, знік прыцясняльнік з краю. 5 І ўмацаваны будзе пасад міласэрнасцю; і сядзе на ім у справядлівасці, у палатцы Давіда, той, хто судзіць і шукае суда ды хутка аддае тое, што справядлівае. 6 Чулі мы пра пыхлівасць Мааба, што надта напышлівы, — пра ганарыстасць яго, нахабства яго, ды злоснасць яго, ды пра выхваленні яго незаслужаныя. 7 Таму залямантуюць маабцы дзеля Мааба, усе залямантуюць; над пірагамі Кірхарэса заплачуць, утрапёныя. 8 Бо апусцелі нівы Хесебона і вінаграднікі Сабамы; гаспадароў паганаў вынішчылі іх вінаградныя гронкі; аж да Язэра дайшлі яны, качавалі па пустыні: парасткі яго рассеяліся, перайшлі праз мора. 9 Таму заплачу плачам Язэра дзеля вінаграднікаў Сабамы. Заллю цябе слязьмі сваімі — о Хесебон і Элеале, бо на плады твае і збіранне вінаграду паў крык [ваяроў]. 10 Спынілася радасць і весялосць з садоў, і ў вінаградніках не весяляцца і не спяваюць. Віна ў выціскальні не выцісне той, хто звычайна выціскаў, заціх гоман. 11 Дзеля таго нутро маё стогне дзеля Мааба, як цытра, і ўлонне маё — дзеля Кірхарэса. 12 І будзе: калі з’явіцца і будзе ўзлягаць на вышынях, прыйдзе да святыні сваёй, каб памаліцца, і не здолее. 13 І гэта слова, якое сказаў тады Госпад да Мааба: 14 «Цяпер жа так прамаўляе Госпад, кажучы: “За тры гады, як гады найміта, аднята будзе слава ад Мааба разам з усім шматлікім народам, а рэшткі яго будуць малымі, без ніякага значэння”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)