Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Прадказанне Маабу. Замоўк Ар-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Замоўк Кір-Мааб, бо ноччу быў спустошаны.

2 Дачка Дыбона ўзышла на вышыні, каб плакаць: над Нэба і над Мэдабай Мааб галосіць; на ўсіх галовах яго — лысіна, кожная барада паголена.

3 На шляхах яго апярэзаныя зрэбніцай; на дахах яго і на плошчах яго ўсе галосяць, заліваюцца слязьмі.

4 Крычыць Хесебон і Элеале, аж у Ясе чутны іх голас. Дзеля таго вызваленыя Мааба галосяць, душа яго галосіць у ім.

5 Сэрца маё над Маабам плача, бежанцы яго — аж да Сэгора, Эглатсэліцыі; дарогаю ўгору на Луіт з плачам узыходзяць ды на шляху ў Аранаім падымаюць лямант роспачы!

6 Воды бо Нэмры стануць пустэчай, бо трава высахла, знікла мурава, прапала ўсё зяленіва.

7 Дзеля таго робяць запасы, а сваю маёмасць пераносяць за ручай Вярбовы.

8 Бо атачае навокал крык мяжу Мааба, аж да Эглаіма бедаванне яго ды аж да Бээр-Эліма галашэнне яго.

9 Вось жа, воды Дымона поўныя крыві, бо ссылаю на Дымон дапаўняльныя беды: льва на ўцалелых з Мааба і на тых, хто застаўся ў краі.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы