1 Такім чынам, Язафат быў багатым і вельмі слаўным, і зрадніўся ён з Ахабам. 2 І па некалькіх гадах накіраваўся да Ахаба ў Самарыю, і да прыбыцця яго Ахаб забіў многа авечак і валоў, яму і народу, які прыбываў разам з ім; і ўгаварыў яго, каб ён пайшоў з ім супраць Рамота ў Галаадзе. 3 І Ахаб, цар Ізраэля, сказаў Язафату, цару Юдэі: «Хадзі са мною ў Рамот у Галаадзе». Той адказаў яму: «Я так, як і ты; народ мой, як і твой народ, і разам з табою будзем ваяваць». 4 І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Парайся, прашу, пры сённяшніх справах, што кажа Госпад». 5 Тады цар Ізраэля сабраў чатырыста чалавек прарокаў і спытаўся ў іх: «Ці ісці нам на Рамот у Галаадзе вайной, ці павінны мы ўстрымацца?» А яму: «Ідзі, — кажуць, — і аддасць іх Бог у рукі цара». 6 І адазваўся Язафат: «Ці няма тут яшчэ іншага прарока Госпадава, каб ад яго таксама даведацца?» 7 Тады сказаў цар Ізраэля Язафату: «Яшчэ ёсць адзін чалавек, у якога маглі б мы спытацца пра волю Госпадаву; але я яго зненавідзеў, бо ён увесь час прарочыць для мяне не дабро, а ліха: гэта Міхей, сын Емлі». І сказаў Язафат: «Не гавары, цар, гэтак». 8 Дык пазваў цар Ізраэля аднаго з еўнухаў і сказаў яму: «Пакліч як найхутчэй Міхея, сына Емлі». 9 Затым цар Ізраэля і цар Юдэі Язафат абодва селі на пасады свае, апранутыя ў шаты царскія; сядзелі ж на плошчы каля Самарыйскай брамы, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іх. 10 Сэдэцыя ж, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і казаў: «Гэта кажа Госпад: “Імі будзеш турбаваць Сірыю аж да знішчэння яе”». 11 Ды ўсе прарокі падобна прарочылі, і казалі: «Ідзі ў Рамот Галаадскі, і пашчаслівіцца. Аддасць іх Бог у рукі цара». 12 Пасланец жа, які пайшоў клікаць Міхея, сказаў яму: «Вось, прароцтвы ўсіх прарокаў у адзін голас дабро цару прадказваюць; дык прашу цябе, каб і слова тваё ад іх не рознілася, і прарочы шчаслівае». 13 Міхей яму адказаў: «Хай жыве Госпад, бо што скажа Бог мой, тое я гавару». 14 Такім чынам, прыбыў да цара. Цар пытаецца ў яго: «Міхей, маем мы ісці ў Рамот у Галаадзе ваяваць, ці ўстрымацца?» Ён адказаў яму: «Ідзіце, і хай вам шчаслівіцца, каб ворагі трапілі ў вашы рукі». 15 І сказаў цар: «Колькі разоў маю цябе заклінаць, каб ты не казаў мне нічога другога, толькі праўду ў імя Госпада». 16 Тады сказаў ён: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаны па гарах, як авечкі без пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны гаспадара; хай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі!”» 17 І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не праракуе мне нічога добрага, але тое, што благое?» 18 А таму Міхей сказаў: «Слухайце слова Госпадава. Убачыў я Госпада, Які сядзіць на сваім пасадзе, ды ўсё нябеснае войска, якое абкружае Яго з правага і з левага боку; 19 і спытаў Госпад: “Хто падмане цара Ізраэля Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І калі адзін казаў так, а другі інакш, 20 тады выступіў адзін дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Спытаўся ў яго Госпад: “Чым яго падманеш?” 21 А ён адказаў: “Пайду і стану духам ілжывым у вуснах усіх яго прарокаў”. І сказаў Госпад: “Падманеш і пераможаш. Ідзі і так зрабі”. 22 Дык цяпер знай, што Госпад даў духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў ды Госпад прадказаў табе няшчасце». 23 Тады Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў па твары Міхея і сказаў: «Якой дарогай прыйшоў Дух Госпадаў ад мяне, каб сказаць табе?» 24 І Міхей сказаў: «Ты сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца». 25 А цар Ізраэля загадаў, кажучы: «Вазьміце Міхея і завядзіце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына цара, 26 і скажыце: “Гэта загадвае цар: “Укіньце яго ў вязніцу і дайце яму крыху хлеба і трошкі вады, пакуль не вярнуся ў супакоі”». 27 І Міхей сказаў: «Калі вернешся ў супакоі, не сказаў мне гэтага Госпад». Затым сказаў: «Слухайце ўсе народы!» 28 Такім чынам, цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, пайшлі ваяваць у Рамот у Галаадзе. 29 І звярнуўся цар Ізраэля да Язафата: «Я змяню адзенне і так пайду ваяваць; а ты апраніся ў твае шаты». Затым цар Ізраэля, змяніўшы адзенне, уступіў у бой. 30 Цар жа Сірыі загадаў кіраўнікам калясніц сваіх, кажучы: «Не ваюйце ані супраць малага, ані супраць вялікага, адно толькі супраць цара Ізраэля!» 31 Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, сказалі: «Гэта цар Ізраэля!» І акружылі яго, каб з ім ваяваць. Але ён ускрыкнуў да Госпада, і памог Ён яму, і Бог адвярнуў іх ад яго. 32 Бо калі кіраўнікі калясніц убачылі, што ён не цар Ізраэля, яны пакінулі яго. 33 Здарылася, аднак, што адзін з ваяроў выпадкова пусціў стралу і прабіў цара Ізраэля паміж засцежкамі кальчугі. Дык ён сказаў возніку свайму: «Павярні сваю руку і выведзі мяне з бою, бо я паранены». 34 І ўскладніўся бой у той дзень; цар жа стаяў у калясніцы сваёй насупраць сірыйцаў да вечара і на захадзе сонца памёр. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)