2 ЛЕТАПІСАЎ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А цар Юдэі Язафат спакойна вярнуўся ў дом свой у Ерузалім. 2 Насустрач яму выбег Егу, сын Ханані Прадракальніка, і сказаў яму: «Бязбожніку ты даеш дапамогу і з тымі, што ненавідзяць Госпада, распачынаеш сяброўства, — і таму сапраўды заслужыў ты гнеў Госпада; 3 але абараняюць цябе добрыя ўчынкі твае, бо ты выдаліў слупы з зямлі і падрыхтаваў сэрца сваё, каб шукаць Бога». 4 Такім чынам, абжыўся Язафат у Ерузаліме. І зноў пайшоў у народ ад Бээр-Сэбы аж да гары Эфраіма і заклікаў яго да Госпада, Бога бацькоў іх. 5 І паставіў суддзяў у зямлі, ва ўсіх гарадах Юдэі, у кожным умацаваным горадзе. 6 І загадаў суддзям: «Глядзіце, што робіце. Бо не з волі чалавека судзіце, але з волі Госпада, Які з вамі, калі каго судзіце. 7 Хай будзе страх Госпадаў з вамі і разважна ўсё рабіце; бо няма ў Госпада, Бога нашага, нясправядлівасці, ані ўвагі на асобы, ані хцівасці да падарункаў». 8 Таксама ў Ерузаліме паставіў Язафат суддзяў з левітаў і з святароў, і з кіраўнікоў родаў для Ізраэля, дзеля суда Госпада ў справах жыхароў Ерузаліма. 9 І загадаў ім, кажучы: «Маеце так рабіць са страхам Госпада: справядліва ды са шчырым сэрцам. 10 Ва ўсякай справе, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што пражываюць у сваіх гарадах, ці гэта справа забойства, ці закону, ці настаўлення, ці прыказанняў і апраўданняў, павучайце іх, каб не грашылі на Госпада ды каб Яго гнеў не абярнуўся на вас і братоў вашых; такім чынам рабіце і не дапускайцеся грахоў. 11 А святар Амарыя будзе кіраўніком над вамі ва ўсім, што датычыць Бога; затым Забадзія, сын Ізмаэля, які з’яўляецца загадчыкам над домам Юды, будзе нам тымі справамі, што датычаць царскай службы; і левіты будуць у вас пісарамі. Будзьце мужнымі і спраўляйцеся пільна, ды хай Госпад будзе [да вас] з дабром». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)