Пс 821 Песьня. Псальма Асафава. 2 Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа! 3 Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву: 4 супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш; 5 сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля». 6 Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус: 7 селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране, 8 Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра; 9 і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым. 10 Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона, 11 якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі. 12 Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам, 13 якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя». 14 Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома. 15 Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы, 16 так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю, 17 напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе! 18 Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць, 19 і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю. |